Італьянцы здзіўленыя, што мінскія гандлёвыя цэнтры не стаяць пустыя
Італьянскі блогер пад мянушкай tripotatoes3 наведаў нашу краіну і апублікаваў пра гэта некалькі тыктокаў. Яго гледачоў уразіла, што ў Беларусі ў часы санкцый працуюць замежныя брэнды — заходнееўрапейцы шукаюць гэтаму тлумачэнне.
Фота: tripotatoes3 / Tiktok
У роліку мужчына прайшоўся па гандлёвым цэнтры Galleria Minsk і звярнуў увагу на назвы крам: ёсць і Benneton, i Ecco, i Geox, працуе гульнявы пакой для дзяцей, а на фудкорце ёсць магчымасць пакаштаваць кухню розных краін.
Ролік сабраў больш за 150 тысяч праглядаў і каля 450 каментароў. Італьянцы звяртаюць увагу, што адкрытыя крамы — гэта, вядома, добра, але цікава было б даведацца, які пры гэтым узровень жыцця саміх беларусаў і ці ёсць у іх магчымасць набыць тавары з тых крамаў. Іншыя карыстальнікі параўноўваюць Galleria Minsk з італьянскімі гандлёвымі цэнтрамі: маўляў, не горш чым у Рыме, а то і лепш, бо чыста.
Адзін з самых залайканых каментароў у перакладзе з італьянскай гучыць так:
«То-бок нічога не змянілася. Праўда ў тым, што сапраўдныя санкцыі прымянілі да нас».
Фота: tripotatoes3 / Tiktok
І гэта не адзіны італьянец з тых, хто адпісаўся пад ролікам, хто лічыць еўрапейцаў сапраўднымі «ахвярамі» санкцый. Іншы карыстальнік патлумачыў таму каментатару, што санкцыі насамрэч не дазваляюць блакаваць увесь гандаль з Захадам, і заўжды ёсць спосабы абысці санкцыі.
Адзін з каментатараў прапануе тлумачэнне таго, чаму ж крамы працуюць:
«Магчыма, таму што брэнды, пра якія ідзе гаворка, не прадаюць падсанкцыйныя тавары, адзенне не мае нічога агульнага з вайной».
Фота: tripotatoes3 / Tiktok
Як выглядае з каментароў, не ўсе італьянцы ўвогуле здольныя адрозніць Беларусь ад Расіі, ды і пра вайну на поўдні Еўропы ведаюць няшмат. Адзін з карыстальнікаў нават задаўся пытаннем — маўляў, навошта брэндам было сыходзіць, калі вайна хутка скончылася і ёсць адпаведныя пакты?
А вось яшчэ адно тлумачэнне ад італьянцаў, а заадно і засцярога:
«З улікам таго кантрафактнага матэрыяла я б не быў такі даверлівы, каб набываць у Беларусі рэчы ад Geox і іншых брэндаў».
Чытайце таксама:
Што за хакеіст збіў Лукашэнку проста падчас гульні
У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы