У Берліне дзясяткі тысяч жыхароў засталіся без святла праз дыверсію
На паўднёвым захадзе Берліна ўжо некалькі дзён працягваецца маштабнае адключэнне электраэнергіі, выкліканае дыверсіяй. Па стане на вечар 6 студзеня без святла застаюцца каля 25,5 тысячы дамоў і прыкладна 1200 прадпрыемстваў. Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на аператара гарадскіх электрасетак Stromnetz Berlin.
Аднаўленчыя работы на месцы падпалу кабельнага моста каля ЦЭЦ у Берліне. Фота: Britta Pedersen/dpa/picture alliance
Паводле ацэнак берлінскага бургамістра Кая Вегнера, збой у электразабеспячэнні закрануў каля 100 тысяч жыхароў сталіцы, што складае амаль 3% насельніцтва горада. У выніку надзвычайнай сітуацыі закрытыя 20 школ, а з 74 дамоў састарэлых электраэнергію ўжо аднавілі ў 72.
Прычынай блэкауту стаў падпал кабельнага моста праз канал Тэльтаў паблізу цеплаэлектрастанцыі Ліхтэрфельдэ. Адказнасць за дыверсію ўзяла на сябе леварадыкальная групоўка Vulkan. Паводле папярэдніх звестак, былі знішчаныя або пашкоджаныя пяць кабеляў высокага напружання і дзесяць — сярэдняга. Рамонтныя работы плануюць завяршыць да вечара 8 студзеня. Адразу пасля дыверсіі без электрычнасці засталіся каля 50 тысяч гаспадарак і 2000 прадпрыемстваў.
Прадстаўнікі Vulkan заявілі, што мэтай атакі была «выкапнёвая энергетыка», назваўшы свае дзеянні актам «самаабароны і міжнароднай салідарнасці». Пры гэтым яны сцвярджалі, што нібыта спачуваюць менш заможным жыхарам раёна.
Берлінскія ўлады назвалі тое, што адбылося, актам тэрарызму. Бургамістр Вегнер падкрэсліў уразлівасць крытычнай інфраструктуры Германіі і неабходнасць яе лепшай абароны.
Падобныя напады ўжо адбываліся раней: у верасні мінулага года леваэкстрэмісты пакінулі без святла каля 50 тысяч дамоў на паўднёвым усходзе Берліна, а ў 2024 годзе дыверсія Vulkan у Брандэнбургу прывяла да пашкоджання завода Tesla.
Чытайце таксама:
Кіраўніком расійскай дыверсійнай сеткі ў Польшчы быў ураджэнец Украіны з пашпартам РФ
У Польшчы паведамілі пра чарговую дыверсію на чыгунцы
Новыя нямецкія дроны-акулы будуць бараніць Балтыйскае мора ад дыверсій