Рэкордны адток. Як за 2025 год змянілася колькасць беларусаў у Літве
Паглядзелі, як за мінулы год скарацілася колькасць беларусаў з ДНЖ у Літве.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Колькасць беларусаў у Літве працягвае скарачацца
На 1 студзеня 2025 года ў Літве налічвалася 57 511 грамадзян Беларусі з ДНЖ усіх тыпаў. За год іх колькасць скарацілася на 7 225 чалавек. На 1 студзеня 2026 года ў Літве застаецца 50 286 беларусаў з ДНЖ усіх тыпаў.
Адметна, што колькасць грамадзян Беларусі, якія маюць дазволы на жыхарства ў Літве, скарачаецца не першы год. Аднак 2025 год стаў рэкордным па адтоку беларусаў з Літвы. Для параўнання: за 2024 год беларусаў з ДНЖ у Літве стала менш на 4 656 чалавек.
Так выглядае топ-10 краін, грамадзяне якіх маюць ДНЖ у Літве. Фота: скрыншот з сайта lrv.lt
Максімум беларусаў з літоўскім дазволам на жыхарства (любых тыпаў) было на 1 красавіка 2024 года — 62 844 чалавекі. Да таго часу колькасць беларусаў у Літве з дзейнымі ДНЖ расла (для параўнання: 1 студзеня 2021 года ДНЖ у Літве мелі 23 440 беларусаў). Але пазней тэндэнцыя змянілася.
Пры гэтым крыху расце колькасць беларусаў з ПМЖ. За 2025 год іх лічба вырасла з 3 773 да 3 958 чалавек.
Варта адзначыць, што з 50 тысяч беларусаў з ДНЖ у Літве дэ-факта пражывае толькі каля паловы. Рэч у тым, што беларусы ў Літве часцей за ўсё працуюць дальнабойшчыкамі.
Так, напрыклад, на 2024 год каля 25 тысяч грамадзян Беларусі з ДНЖ у Літве працавалі кіроўцамі-міжнароднікамі. Гэта было каля 72% ад усіх працаўладкаваных беларусаў у Літве.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Амаль усе яны ў самой Літве праводзяць вельмі мала часу, бо, як правіла, выконваюць рэйсы па ўсёй Еўропе і ў Літве паміж кадэнцыямі бавяць лічаныя дні, пасля чаго на час адпачынку вяртаюцца ў Беларусь.
Агулам беларусы ў Літве паводле колькасці трымальнікаў ДНЖ саступаюць толькі ўкраінцам, якія маюць 79 868 ДНЖ у гэтай краіне. На трэцім месцы ідуць грамадзяне Расіі — 13 723 чалавекі.
На якіх падставах часцей за ўсё беларусы атрымліваюць ДНЖ у Літве?
З 50 286 беларусаў 35 335 атрымалі ДНЖ на падставе працы.
Вылучаюцца таксама спецыялісты, якія атрымалі ДНЖ на падставе высокай кваліфікацыі (Blue Card). З 5 144 замежнікаў з Blue Card у Літве 3 010 чалавек — гэта грамадзяне Беларусі.
Бізнэс-цэнтр Вільні. Фота: «Наша Ніва»
Што да ДНЖ на гуманітарных падставах, то такі на 1 студзеня 2026 года маюць 1142 беларусы. Годам раней такіх было 947 чалавек (+195).
Але гэта не азначае, што ад рэпрэсій у Літве хаваецца ўсяго 1142 грамадзяніны Беларусі. Яшчэ напрыканцы 2024 года ў каментары «Нашай Ніве» дырэктар Freedom House Vilnius Віціс Юрконіс выказваў меркаванне, што на гуманітарных падставах у Літве можа пражываць да 10 тысяч грамадзян Беларусі.
Проста большасць з іх атрымлівала звычайныя працоўныя ДНЖ або Blue Card. Адной з прычын, чаму гуманітарныя ДНЖ ад самага пачатку не карысталіся папулярнасцю, можна назваць той факт, што да змен у літоўскім заканадаўстве ДНЖ на гуманітарных падставах выдавалі толькі тэрмінам на год (з 2024 года пачалі выдаваць на 3 гады). Праз гэта многія аддавалі перавагу іншым тыпам ДНЖ, якія выдавалі адразу на 2—3 гады.