БЕЛ Ł РУС

«Белавія» аднавіла палёты ў Ізраіль

8.01.2026 / 8:36

Nashaniva.com

Пасажыры рэгістраваліся на рэйс у Ізраіль пад мелодыі вядомых яўрэйскіх песень.

«Белавія» аднавіла палётную праграму ў Ізраіль, паведамілі БелТА ў прэс-службе авіякампаніі.

«Тэль-Авіў — адзін з першых напрамкаў маршрутнай сеткі «Белавіі». Авіякампанія пачала лётаць у Ізраіль у 1995 годзе. Сёння рэйсы былі адноўлены пасля працяглага прыпынення праграмы ў лютым 2022 года па прычынах, якія не залежалі ад авіякампаніі, — расказалі ў прэс-службе. — Аднаўленне рэйсаў прайшло сапраўды ярка. Пасажыры рэгістраваліся на рэйс у Ізраіль пад мелодыі вядомых яўрэйскіх песень у выкананні музычнага квартэта. Акрамя таго, усе турысты атрымалі памятныя сувеніры ад авіякампаніі, а першаму зарэгістраванаму пасажыру дастаўся асаблівы падарунак».

Загрузка першага рэйса склала больш за 87 % (паводле даных на 6 студзеня), што ўжо цяпер сведчыць пра папулярнасць маршруту.

Рэйсы будуць выконвацца два разы на тыдзень — у чацвер і нядзелю. Вылет з Мінска — у 7.10, прыбыццё ў Тэль-Авіў — у 12.20. Зваротны рэйс з Тэль-Авіва запланаваны на 13.15, прыбыццё ў Мінск — у 20.40. Працягласць палёту Мінск — Тэль-Авіў складзе 6 гадзін 10 хвілін у адзін бок і 6 гадзін 25 хвілін у зваротным напрамку.

Рэйсы будуць выконвацца на Boeing 737‑8 з салонам бізнэс-класа. Для пасажыраў прадугледжана гарачае харчаванне. Кошт білетаў — ад 671 рубля ў адзін бок і ад 1327 рублёў туды-назад (тарыф «Лайт»). 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула