БЕЛ Ł РУС

Як выглядаюць кватэры з сацыяльным рамонтам для чаргавікоў і колькі за іх просяць

12.01.2026 / 7:30

Nashaniva.com

Плітка ў ванным пакоі такая ж, як у пад'ездзе.

Кватэры для тых, хто стаіць у чарзе на атрыманне жылля, здаюць з так званым сацыяльным рамонтам. Вось як ён выглядае і што ёсць унутры жылля.

Адна з кватэр, якую прадаюць у доме для чаргавікоў, месціцца ў Мінску па адрасе вуліца Яўхіма Карскага, 33.

На падлозе па ўсёй кватэры, апроч ваннага пакоя, ляжыць ламінат шэрага колеру. Сцены паўсюль белыя, як і міжпакаёвыя дзверы.

Фота: realt.by

Дзвярная фурнітура выглядае максімальна сціплай. Уваходныя дзверы знутры таксама шэрыя, але на тон святлейшыя за падлогу.

Фота: realt.by

Падлога ў ванным пакоі з пліткай, якая таксама шэрага колеру. Там ужо стаяць ванна, унітаз і ўмывальнік. Сцены, як і паўсюль, таксама белыя.

Фота: realt.by

У стандартнае аздабленне кватэры ад дзяржаўнага забудоўшчыка ўваходзіць кухонная пліта на чатыры камфоркі і ўмывальнік.

Фота: realt.by

Выгляд апошняга ніяк не карэлюе з сучаснай кватэрай. Верагодна, што ўмывальнік з кухні паедзе ў найлепшым выпадку на лецішча.

Просяць за такую двушку $125 тысяч, што па $1950 за метр. 

Іншая кватэра з дзяржаўным рамонтам прадаецца ў сталіцы па адрасе вуліца Убарэвіча, 98/А.

Канцэптуальна адрозненні невялікія — тут шэрая не толькі падлога, але і шпалеры на сценах.

Фота: realt.by

Міжпакаёвыя дзверы таксама выглядаюць вельмі танна і сваім выглядам больш нагадваюць нейкае офіснае ці адміністрацыйнае памяшканне, чым кватэру, у якой жывуць людзі.

Фота: realt.by

Белыя сцены толькі ў ванным пакоі і ў туалеце. На падлозе шэрая плітка, прычым вельмі падобная да той, што ляжыць у пад'ездзе.

Фота: realt.by

На кухні, падобна, стаіць усё тая ж стандартная электрычная пліта і чыгунны ўмывальнік.

Фота: realt.by

За гэтую аднапакаёўку на 42,6 метра просяць $80 тысяч, ці па $1880 за метр.

Яшчэ адна аднапакаёўка ў доме для чаргавікоў прадаецца ў доме па вуліцы Карвата, 3а. Ад папярэдніх дзвюх кватэр яна адрозніваецца больш сучаснымі і, адпаведна, больш дарагімі (прынамсі на выгляд) міжпакаёвымі дзвярыма і адценнем падлогі.

Фота: kufar.by

Пліта і ўмывальнік аднолькавыя. А ў ванным пакоі і туалеце ляжыць не шэрая, а карычневая плітка. Адпаведна, такая самая ляжыць і ў пад'ездзе.

Фота: kufar.by

Летась у продажы была заўважана яшчэ адна кватэра з рамонтам ад дзяржаўных забудоўшчыкаў. Месцілася яна ў Сцяпянцы. Шпалеры там былі такія самыя, як і ў папярэдніх «шэрых» кватэрах.

Фота: realt.by

Галоўнае адрозненне ад іншых кватэр — у колеры падлогі, а плітка ў ванным пакоі і туалеце зноў жа такая самая, як і ў пад'ездзе.

Апроч людзей, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, кватэры з аналагічным аздабленнем звычайна выдаюць тым, чые дамы былі знесеныя.

Ці можна адразу прадаваць такія кватэры? Так, у адрозненне ад кватэр з ільготным крэдытаваннем, продаж кватэр, пабудаваных чаргавікамі, не мае ніякіх абмежаванняў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула