Памерла легендарная баскетбалістка Ульяна Сямёнава
Пайшла з жыцця легендарная баскетбалістка з Латвіі Ульяна Сямёнава. Пра яе смерць ва ўзросце 73 гадоў паведаміла Латвійская баскетбольная асацыяцыя.
Ульяна Сямёнава была адной з найвялікшых спартовак у гісторыі жаночага баскетбола. За сваю кар’еру, выступаючы за зборную СССР, яна двойчы станавілася алімпійскай чэмпіёнкай (магла б і больш, але жаночы баскетбол быў упершыню ўключаны ў праграму Алімпіяд толькі ў 1976 годзе, а Алімпіяду-1984 у Лос-Анджэлесе, калі Сямёнава яшчэ гуляла, СССР байкатаваў), тройчы здабывала званне чэмпіёнкі свету і дзесяць разоў перамагала на чэмпіянатах Еўропы. Акрамя таго, яна адзінаццаць разоў станавілася ўладальніцай Кубка чэмпіёнаў Еўропы, што з’яўляецца выключным дасягненнем.
Яе ўклад у развіццё баскетбола быў прызнаны на міжнародным узроўні. Сямёнава ўваходзіла ў Залу славы Міжнароднай федэрацыі баскетбола (FIBA), а таксама ў Залу славы сусветнага баскетбола і сусветнага жаночага баскетбола.
Ульяна Сямёнава паходзіла са стараверскай сям’і, якая жыла на хутары Пабержы на самым памежжы Латвіі і Літвы. У сям’і, акрамя яе, выхоўваліся яшчэ пяцёра дзяцей: адна сястра і чатыры браты.
Маці пасля шматлікіх родаў мела праблемы са здароўем, таму Ульяна з ранняга ўзросту пачала дапамагаць ёй па гаспадарцы. Пастаянная праца на ферме патрабавала фізічных намаганняў і спрыяла яе моцнаму фізічнаму развіццю.
А ў падлеткавым узросце Сямёнава пачала вельмі хутка расці. Ужо да 13 гадоў яе рост амаль дасягнуў 190 сантыметраў. Бацькі занепакоіліся і звярнуліся да лекараў, але медыкі прызналі дзяўчынку цалкам здаровай, назваўшы яе стан непаталагічным гігантызмам. Пазней сама Ульяна тлумачыла свой высокі рост спадчыннасцю, адзначаючы, што пайшла ў дзядзьку па кудзелі, рост якога перавышаў два метры.
Са звестак Кнігі рэкордаў Гінэса, Ульяна Сямёнава з’яўляецца самай высокай баскетбалісткай за ўсю гісторыю гэтага віду спорту. Яна таксама ўваходзіла ў лік самых высокіх жанчын Савецкага Саюза. У розных крыніцах яе рост называўся па-рознаму, але ў Кнізе рэкордаў Гінэса фігуруе лічба 210 сантыметраў.