БЕЛ Ł РУС

Палітзняволеную Кацярыну Новікаву прынамсі двойчы кідалі ў ШІЗА за «няветлівасць»

9.01.2026 / 11:59

Nashaniva.com

Жанчына раней расказвала, як яе «білі ўсім кабінетам». Цяпер стала вядома, што яе неаднаразова кідалі ў штрафны ізалятар за «няветлівыя зносіны» з іншымі вязнямі і псіхолагам.

Палітычную зняволеную Кацярыну Новікаву неаднаразова кідалі ў штрафны ізалятар у папраўчай калоніі № 4, стала вядома «Белсату».

Апошні раз Новікава трапіла ў ШІЗА на 15 дзён у пачатку снежня 2025‑га за «няветлівыя зносіны з псіхолагам» у калоніі. А раней — за «няветлівыя зносіны з іншымі вязнямі». Таксама «Белсату» стала вядома, што Кацярыне ўвесь час блакуюць ліставанне і пазбаўляюць спатканняў.

Вясной 2024 года крыніцы «Белсата» перадалі рэдакцыі ліст ад Новікавай на кавалку туалетнай паперы.

Жанчына апісвала, што пры затрыманні яе біў баец ГУБАЗіКа Іван Васілевіч, затым у штабе ГУБАЗіКу на Рэвалюцыйнай 3 яе «ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам».

Сказалі, што б’юць за ейныя інтэрв’ю, за Telegram-канал і за ейныя звароты. Таксама Новікава пісала, што «ўпала з другога паверху ложка, галавой аб драўляную паліцу», але ёй больш за месяц не паведамлялі выніку.

Кацярыну Новікаву затрымалі 15 чэрвеня 2023 года. Спачатку ёй закідалі «Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі пра прыватнае жыццё» і «Распальванне сацыяльнай варожасці». У выніку выставілі абвінавачванні паводле сямі крымінальных артыкулаў, у тым ліку за «Гвалт ці пагрозу гвалтам» сілавікам і суддзям. Яна перадавала: «Маімі пацярпелымі ёсць тыя, ад каго я пацярпела ў 2020-м».

Суддзя Алена Шылько асудзіла яе на 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі і 3000 рублёў «кампенсацыі пацярпелым». Пазней яе ўнеслі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула