У Вялікабрытаніі археолагі знайшлі прамысловы цэнтр часоў Рымскай Імперыі
У Паўночнай Англіі археолагі разам са студэнтамі і валанцёрамі знайшлі больш за 800 вастрыльных камянёў, якія сведчаць пра існаванне раней невядомага прамысловага цэнтра эпохі Рымскай Імперыі, піша The Guardian.
Фота: Gary Bankhead/Durham University
Знаходку зрабілі каля горада Сандэрленд. Камяні павінны былі выкарыстоўвацца салдатамі для вастрэння інструментаў і зброі. Усе знойдзеныя брускі былі пашкоджаныя — ідэальныя камяні, магчыма, вывозілі на продаж.
Археолагі лічаць, што тут знаходзіўся масавы цэнтр вытворчасці вастрыльнага каменю з пясчаніка, здабытага на беразе ракі Вір. Камяні маглі транспартавацца па рацэ на суднах і далей распаўсюджвацца па Брытанскіх астравах і на кантынент. На карысць гэтай гіпотэзы сведчыць знаходка 11 каменных якараў — найбольшая колькасць у параўнанні з любой іншай стаянкай Паўночнай Еўропы.
Кіраўнік праекта з Дарэмскага ўніверсітэта Гэры Бенкхед адзначае, што адкрыццё ўпершыню ставіць Сандэрленд на карту Рымскай імперыі і з’яўляецца адным з самых важных археалагічных адкрыццяў у Паўночнай Англіі за апошнія сто гадоў.
Таксама гэтае месца — першае ў Вялікабрытаніі, дзе мэтанакіравана здабывалі пароду для вытворчасці вастрыльных камянёў, што дапаможа лепш зразумець эканоміку і прамысловасць Рымскай Брытаніі.
Чытайце таксама:
У Егіпце знайшлі антычнае судна, якое раней бачылі толькі на мазаіках
З Нацыянальнага музея ў Дамаску скралі статуі часоў Рымскай імперыі
Рыбак, які шукаў чарвякоў, выпадкова знайшоў адзін з найбуйнейшых срэбных скарбаў Сярэднявечча
У Егіпце пасля дваццаці гадоў будаўніцтва адкрылі найбуйнейшы музей свету