БЕЛ Ł РУС

Хлопец у цэнтры Мінска сарваў з дзяўчыны дарагія акуляры

10.01.2026 / 9:25

Nashaniva.com

27‑гадовы хлопец разам з прыяцелем уначы адпачываў на вул. Зыбіцкай, дзе пазнаёміўся з 18‑гадовай дзяўчынай. У яе былі акуляры вядомага брэнда, якія вельмі спадабаліся фігуранту, — ён нават папрасіў дазволу іх прымераць, пішуць Мінск-навіны.

Раніцай, калі ўстановы зачыніліся, прыяцелі пайшлі следам за новай знаёмай. Утрох яны ішлі па вул. Максіма Багдановіча. Раптам хлопец сарваў з галавы дзяўчыны акуляры і надзеў іх. Пасля ён папрасіў прыяцеля выклікаць таксі.

Дзяўчына пачала патрабаваць вярнуць аксэсуар, але фігурант груба ёй адказаў, сеў у пад’ехаўшы аўтамабіль і паехаў дадому.

Дзяўчына звярнулася ў міліцыю, ацаніўшы прычыненую ёй шкоду ў 500 рублёў. Асобу падазраванага ўстанавілі хутка, завялі крымінальную справу.

Яму выстаўлена абвінавачанне ў адкрытым выкраданні маёмасці (рабаўніцтве, ч. 1 арт. 206 КК, санкцыя якой — да чатырох гадоў пазбаўлення волі). Віну цалкам прызнаў.

У дачыненні да абвінавачанага ўжыта мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула