БЕЛ Ł РУС

У Кіеве адключана электрычнасць, спынена падача вады і цяпла

10.01.2026 / 14:10

Nashaniva.com

400 тысяч сем'яў засталіся без святла і цяпла ў дзесяціградусны мароз.

У Кіеве ўдзень у суботу, 10 студзеня, былі ўведзены аварыйныя адключэнні электраэнергіі. У сталіцы Украіны спынілася работа сістэм водазабеспячэння, цеплазабеспячэння, а таксама электратранспарту. Пра гэта паведаміла гарадская адміністрацыя, адзначыўшы, што каманду на аварыйнае адключэнне дало «Укрэнерга», піша «Настоящее время». 

Адключэнні звязаныя з наступствамі расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Кіеў падвергся ўдару ў ноч на 9 студзеня, пасля чаго ўзніклі перабоі з падачай электрычнасці, а без цяпла, па словах мэра Віталя Клічко, засталіся каля паловы шматкватэрных дамоў. Пасля рамонтных работ цеплазабеспячэнне было часткова адноўлена. Яшчэ напярэдадні Клічко заклікаў жыхароў Кіева, якія маюць такую магчымасць, часова выехаць за горад, калі ў загарадных дамах ёсць альтэрнатыўныя крыніцы цяпла і энергіі.

Кіраўнік Кіеўскай абласной адміністрацыі Цімур Ткачэнка ўдзень 10 студзеня, прыкладна праз гадзіну пасля паведамлення аб экстраных адключэннях, адзначыў, што спецыялістам удалося вырашыць праблему, і неўзабаве Кіеў вернецца да адключэнняў паводле графікаў.

Тэмпература паветра ў Кіеве цяпер каля —10 градусаў і працягвае паніжацца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула