Кузуркі — пажыўная і экалагічная ежа. Чаму ж людзі не хочуць іх есці?
Ад пратэінавага папкорна Кім Кардаш'ян да трэндаў у TikTok з цёртым тварагом і курынымі смузі — людзі ідуць на крайнасці, каб спажываць больш бялку. Як паказаў аналіз Бі-бі-сі, у свеце цікавасць да пошукавага запыту «бялок» (protein) за апошняе дзесяцігоддзе вырасла на 213%. Са звестак Google, у 2025 годзе ён дасягнуў гістарычнага максімуму. Але адна крыніца бялку застаецца амаль цалкам па-за заходняй дыетай: кузуркі, піша Бі-бі-сі.
Фота ілюстрацыйнае
Казюркі з'яўляюцца пажыўнай крыніцай бялку і базавай ежай у многіх рэгіёнах свету ў Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы і Акіяніі. Дык што ж перашкаджае астатняму свету есці насякомых?
Для многіх сама думка пра гэта выклікае агіду. Некаторыя ядомыя кузуркі ўжо атрымалі дазвол на продаж ад Еўрапейскага органа бяспекі харчовых прадуктаў, аднак, паводле справаздачы Еўрапейскай арганізацыі спажыўцоў за 2020 год, толькі кожны дзясяты еўрапеец пагадзіўся б замяніць мяса кузуркамі.
Сярод спажыўцоў у Заходняй Еўропе галоўнай прычынай пазбягання насякомых называюць агіду — нароўні з культурнымі нормамі, харчовай неафобіяй і асцярогамі з нагоды бяспекі.
Эксперты кажуць, што калі жыхары ЗША і Еўропы змогуць пераадолець агіду, то ядомыя кузуркі могуць рэвалюцыянізаваць харчовыя сістэмы і стаць часткай кліматычна дружалюбнага вырашэння праблемы сусветнага голаду.
Са звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), каля 2,33 мільярда чалавек сутыкаюцца з недахопам харчавання. Кузуркі могуць дапамагчы вырашыць гэтую праблему. Яны насычаныя пажыўнымі рэчывамі і патрабуюць менш рэсурсаў, чым традыцыйная жывёлагадоўля, таму з'яўляюцца экалагічнай альтэрнатывай мясу.
«Калі вы паглядзіце на бялок у разліку на кілаграм, кузуркі будуць вельмі экалагічна ўстойлівымі», — кажа Джэсіка Фанзо, дырэктарка Ініцыятывы Food for Humanity пры Калумбійскім універсітэце ў Нью-Ёрку.
Яны патрабуюць менш энергіі і рэсурсаў, такіх як зямля, вада і корм, чым ялавічына ці птушка, дадае Фанзо.
Ядомыя кузуркі маюць значна больш нізкі вугляродны след, чым буйная рагатая жывёла або авечкі. Фота: Getty Images
Возьмем, да прыкладу, стэйк. Ялавічына з'яўляецца значнай крыніцай выкідаў парніковых газаў, сярод іншага метану — магутнага парніковага газу кароткачасовага дзеяння, які на працягу 20‑гадовага перыяду прыкладна ў 80 разоў больш шкодны за вуглякіслы газ (CO2). Жывёлагадоўля таксама з'яўляецца асноўным фактарам трапічнага высякання лясоў і спажывае значныя аб'ёмы вады.
Ядомыя кузуркі маюць значна больш нізкі вугляродны след, чым такія жывёлы, як каровы або авечкі.
Але агіда — надзвычай моцная эмоцыя. Яна эвалюцыянавала як механізм выжывання — інстынктыўны сігнал трывогі да патэнцыйнай пагрозы. Гэта і набытая рэакцыя, сфармаваная культурнымі нормамі. Калі інстынкт і выхаванне дзейнічаюць разам, пераадолець непрыняцце становіцца складана.
«Рэакцыя агіды вельмі моцная», — кажа Дэвід Пісара, прафесар псіхалогіі Карнэльскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку.
Яго даследаванні сведчаць, што адчувальнасць да агіды ўплывае на маральныя меркаванні.
«Агіда шчыльна звязаная з нашым уяўленнем пра чысціню», — кажа Пісара, вынікі даследаванняў якога паказваюць, што людзі з больш высокай адчувальнасцю да агіды часцей прытрымліваюцца традыцыйных поглядаў.
«Існуе агульная насцярожанасць да навізны, якая звычайна карэлюе з кансерватыўнымі ўстаноўкамі», — тлумачыць ён.
«У нейкі момант у будучыні мы будзем спажываць больш кузурак, — кажа Пісара. — Пытанне ў тым, як нам да гэтага дайсці?»
Джэсіка Фанзо адзначае, што харчовыя нормы адвольныя.
«Яйкі даволі дзіўная ежа, — кажа яна. — Чаму мы ямо яйкі? Чаму мы вырашылі, што есці яйкі — гэта нармальна, а есці цвыркуноў — не?»
Адной з прычын агіды з'яўляецца тое, што кузурак звычайна ядуць цалкам — з лапкамі, вачыма і ўсім астатнім. Гэта нагадвае спажыўцам, што іх ежа калісьці была жывой.
У прамыслова развітых харчовых сістэмах людзі часта аддзеленыя ад паходжання мяса. «Вы не пазнаеце жывёліну ў вашай ежы», — кажа Антоніу Роша Біскансін-Жуніёр, прафесар харчовых навук Федэральнага інстытута адукацыі, навукі і тэхналогій у бразільскай Рандоніі.
Скарачэнне спажывання мяса — гэта не проста пошук устойлівай крыніцы бялку. Гаворка ідзе пра прапанову альтэрнатывы, якая адпавядала б сэнсарнай прывабнасці мяса і культурнай звыкласці, якая і робіць казюрак цяжкімі для ўспрымання ў ЗША.
«Гэта будзе цяжка — прымусіць амерыканцаў есці гамбургеры з цвыркунамі» — гаворыць выканаўчы дырэктар Інстытута насякомых Дасцін Крамет.
У той жа час адзін эканамічны прагноз 2022 года прадугледжваў, што рынкавы кошт ядомых насякомых у ЗША ў 2032 годзе вырасце на 450%.
Для Біскансін-Жуніёра энтамафагія — спажыванне казюрак — з'яўляецца і прафесійнай, і асабістай справай. Ён вырас у амазонскім рэгіёне Бразіліі, дзе еў «гонга» — лічынкі жукоў, якія жывуць унутры какосаў, — мясцовы далікатэс.
«Мы з сябрамі хадзілі ў джунглі, ускрывалі какосы, і калі ўсярэдзіне былі лічынкі, мы іх елі, — успамінае ён. — На смак яны салодкія, трохі як какос».
«Многія асацыююць насякомых з хваробамі. Гэтыя асацыяцыі становяцца эмоцыяй — агідай. Калі вы бачыце казюрку, вы адчуваеце агіду», — кажа навуковец.
У многіх краінах, напрыклад, у Мексіцы, кузуркі з'яўляюцца папулярнай ежай
Даследаванне Біскансін-Жуніёра ў Бразіліі вылучае тры галоўныя бар'еры для камерцыйнай вытворчасці і спажывання ядомых кузурак: заканадаўства, цана і агіда.
Першыя два з'яўляюцца структурнымі і звязаныя з новым рэгуляваннем і эканамічнымі ланцужкамі паставак. Інфраструктура для масавай вытворчасці і распаўсюджвання ядомых насякомых у заходніх краінах, уключаючы Бразілію, па-ранейшаму фармуецца. Але апошні бар'ер — псіхалагічны і звязаны з культурнымі канатацыямі.
Джэсіка Фанзо згаджаецца, што агіда не рацыянальная. Перашкоды ўключаюць культурныя нормы, негатыўныя асацыяцыі і праблемы харчовых сістэм.
«Ці лічу я, што ўсе павінны есці насякомых? Не, — кажа яна. — Але я думаю, што ёсць спосаб зрабіць усё гэта крыху лепш, не ахвяруючы занадта шмат».
Паколькі насякомых звычайна спажываюць цалкам, яны таксама з'яўляюцца паўнавартасным бялком, кажа Біскансін-Жуніёр. Кузуркі могуць забяспечваць арганізм незаменнымі амінакіслотамі, якія неабходныя для развіцця і аднаўлення тканін. Прадукты з «паўнавартаснымі бялкамі» ўтрымліваюць усе дзевяць незаменных амінакіслот, якія чалавечы арганізм не здольны сінтэзаваць самастойна.
Людзі маладзейшыя за 39 гадоў, са слоў Біскансін-Жуніёра, агулам больш ахвотна гатовыя спажываць насякомых. Наступнае пакаленне можа разглядаць іх як ядомую альтэрнатыву.
«Дзеці яшчэ не ўспрымаюць насякомых як нешта агіднае, таму могуць гуляць з прусакамі без пачуцця агіды, — кажа ён. — Дапытлівасць тут надзвычай важная».
Большасць культур нармалізуюць невялікі набор прадуктаў жывёльнага паходжання, а астатнія лічаць «агіднымі». «Гэтая выбіральнасць паказвае, наколькі мы адаптыўныя», — кажа Пісара. Звыканне, дадае ён, можа адразу ж зменшыцца.
Некаторыя эксперты прапануюць свайго роду «публічную экспазіцыйную тэрапію» для пераадолення агіды. Гэта значыць, спажыўцы павінны бачыць ядомых насякомых на рынку і назіраць, як іншыя людзі іх спажываюць. Такая экспазіцыя можа змяніць уяўленне пра норму і паменшыць адчуванне сацыяльнай дэвіяцыі.
Нядаўнія даследаванні паказваюць, што, хоць агіда зніжае жаданне есці і колькасць спажыванага, яна не ўплывае на фактычную прыемнасць смаку, што дае магчымасці для прасоўвання новых экалагічных прадуктаў, такіх як кузуркі.
Зрэшты, Крамет перасцерагае ад успрымання ядомых насякомых як універсальнага рашэння.
«Агіда да кузурак набытая — і ад яе можна пазбыцца», — кажа ён. — Але нерэалістычна чакаць, што кузуркі стануць асноўнай заменай мяса ў заходніх рацыёнах».
Даследаванне 2025 года паказала, што большасць насякомых, якіх спецыяльна гадуюць, выкарыстоўваюцца ў якасці корму для жывёл, а не для харчавання людзей. Нават калі насякомых дадаюць у прадукты, яны рэдка замяняюць мяса. А паколькі іх часта кормяць тымі ж збожжавымі, што і свойскую жывёлу, гадаванне насякомых можа быць неэфектыўным.
Замест гэтага Дасцін Крамет звяртае ўвагу на план дзеянняў Даніі ў дачыненні да раслінных прадуктаў 2023 года як на больш практычную мадэль, якая прасоўвае раслінныя рацыёны з дапамогай міжсектаральнага супрацоўніцтва. «Заменнікі мяса на расліннай аснове не выклікаюць такой жа агіды, як кузуркі», — дадае ён.
«Як нам адначасова вырашыць абедзве праблемы — нястачу харчавання і змяненне клімату? Існуе цэлы шэраг развязанняў і інструментаў. Кузуркі могуць быць толькі адным з яго кампанентаў», — кажа Джэсіка Фанзо.
Чытайце таксама:
Захворванні, якія пераносяць камары, становяцца сур'ёзнай праблемай у Еўропе
Дзеці пад Гомелем сталі гадаваць у сябе дома багамолаў. Навошта?
У Заслаўі мужчына знайшоў на сваім участку казурку, якую ў Беларусі бачаць пакуль рэдка
З батанічнага саду ў Германіі скралі гіганцкую расліну, якая моцна смярдзіць падлай