БЕЛ Ł РУС

HBO выплаціць удаве беларуса Васіля Ігнаценкі 10 тысяч еўра за серыял «Чарнобыль»

11.01.2026 / 10:20

Nashaniva.com

Касацыйны грамадзянскі суд у складзе Вярхоўнага Суда Украіны вынес канчатковы вердыкт у справе Людмілы Ігнаценка, удавы загінулага ліквідатара аварыі на ЧАЭС Васіля Ігнаценкі, супраць тэлекампаніі HBO. Суд прызнаў факт парушэння правоў на выкарыстанне імя і прысудзіў пацярпелай 500 тысяч грыўняў (каля 10 тысяч еўра) маральнай кампенсацыі. Гэта пастанова з'яўляецца канчатковай.

Кадр з фільма

Людміла Ігнаценка звярнулася ў суд яшчэ ў 2020 годзе, сцвярджаючы, што стваральнікі сусветна вядомага серыяла «Чарнобыль» без яе згоды выкарысталі яе імя і імя яе памерлага мужа як імёны персанажаў. Паводле слоў жанчыны, пасля выхаду стужкі яна сутыкнулася з велізарным ціскам, у тым ліку з боку СМІ, праз што была вымушана нават змяніць месца жыхарства.

Першапачаткова яна патрабавала 2,5 мільёна грыўняў (каля 50 тысяч еўра) кампенсацыі і выдалення сцэн з яе імем з серыяла.

Вярхоўны Суд пацвердзіў факт парушэння асабістага права на імя, аднак адмовіў у патрабаванні выразаць кадры. У рашэнні суда адзначаецца: «Патрабаванне аб абароне права на імя шляхам выдалення асобных сцэн з ужо апублікаванага і шырока распаўсюджанага серыяла не з'яўляецца эфектыўным і прапарцыйным спосабам абароны. Такое ўмяшанне можа прывесці да скажэння цэласнага мастацкага твора і парушэння правоў іншых асоб».

Прадстаўнікі HBO падчас працэсу настойвалі, што выкарыстанне імёнаў рэальных ліквідатараў толькі падкрэслівала дакументальную аснову праекта, і адмаўлялі маральную шкоду. Тым не менш, суд стаў на бок удавы героя-пажарнага.

Герой Украіны Васіль Ігнаценка нарадзіўся 13 сакавіка 1961 году ў вёсцы Спярыжжа Брагінскага раёна Беларусі. У Брагіне яму стаіць помнік як аднаму з першых ліквідатараў аварыі на ЧАЭС.

26 красавіка 1986 года Ігнаценка ў складзе першай групы пажарных быў на чацвёртым энергаблоку, дзе атрымаў смяротную дозу апраменьвання. Ён памёр праз два тыдні і быў пахаваны ў Маскве на Міцінскіх могілках. Пасмяротна Васіль Ігнаценка ўганараваны званнем Герой Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула