Зяленскі: Расіяне спецыяльна чакалі маразоў, каб зрабіць людзям найгорш
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ацаніў сітуацыю ў многіх украінскіх рэгіёнах як складаную пасля расійскіх удараў па крытычнай інфраструктуры на працягу тыдня.
Ратавальнікі ставяць генератары для электразабеспячэння шматкватэрных будынкаў. Фота: dsns_telegram
Паводле звестак Зяленскага, РФ за сем дзён запусціла па Украіне амаль 1100 ударных дронаў, больш за 890 кіраваных авіяцыйных бомбаў і больш чым 50 ракет розных тыпаў, сярод якіх «Арэшнік».
Зяленскі падкрэсліў, што атакі РФ не маюць ніякага ваеннага сэнсу, і назваў гэта тэрорам супраць людзей.
«Па цэлях, якія не маюць ніякага ваеннага сэнсу: энергетыка, жылыя дамы. І яны спецыяльна чакалі марознага надвор'я, каб зрабіць найгорш для нашых людзей. Гэта свядомы, цынічны расійскі тэрор менавіта супраць людзей», — кажа ён.
Ва ўкраінскай энергетычнай кампаніі ДТЭК заявілі, што цяперашняя сітуацыя з электразабеспячэннем ва Украіне — найскладанейшая за гэтую зіму.