Суд завяршыў ліквідацыю БелаПАН, мільённы доўг павешаны на былых кіраўнікоў
12 студзеня 2026 года споўнілася пяць гадоў з дня затрымання былога намесніка дырэктара (2014-2018) незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Андрэя Аляксандрава. Адначасова свабоды была пазбаўленая яго дзяўчына, а цяпер жонка Ірына Злобіна, нагадвае «Позірк».
У цэнтры ў судовай клетцы Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў. Першы асуджаны на 14 гадоў, другі на шэсць гадоў. Фота: «Спутнік».
23 снежня 2025 года Эканамічны суд Мінска падвёў рысу пад працэсам ліквідацыі заснавальніка БелаПАН — аднайменнага ЗАТ, які доўжыўся амаль два гады. У гэты дзень суддзя Аляксандр Ханеўскі вынес «пастанову аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці».
Аб ліквідацыі БелаПАН пастановай Эканамічнага суда Мінска паведаміла 11 сакавіка 2024 года Генеральная пракуратура. Само рашэнне было прынята 1 лютага таго ж года. У сваім прэс-рэлізе Генпракуратура заявіла пра нібыта выяўленыя «неаднаразовыя і грубыя парушэнні падатковага заканадаўства, а таксама заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні».
«У прыватнасці, дапушчаны факты нявыплаты значнай сумы запазычанасці па абавязковых плацяжах у бюджэт за перыяд з 2014 па 2021 гады: больш за 590 тысяч рублёў перад фондам сацыяльнай абароны насельніцтва і звыш 417 тысяч рублёў перад інспекцыяй МПЗ Рэспублікі Беларусь па Першамайскім раёне Мінска», — сцвярджаў наглядны орган.
З улікам пенсійнага фонду набегла агульнай «запазычанасці» на 1,14 мільёна рублёў.
Іх і павінны сплаціць Аляксандраў і Наважылаў. Гэтую суму ўлада дадала да буйных штрафаў паводле прысуду Мінаблсуда ад 2022 года (Аляксандраву — 32 тысячы рублёў, Наважылаву — 22 400 рублёў).