Расійскага дыпламата на Кіпры знайшлі мёртвым пасля знікнення Баўмгертнера
У расійскім пасольстве на Кіпры пры загадкавых абставінах памёр высокапастаўлены супрацоўнік дыпмісіі. Трагедыя здарылася на наступны дзень пасля таго, як стала вядома пра знікненне былога кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, паведамляе выданне Cyprus Mail.
Цела дыпламата Панова знайшлі ў яго рабочым кабінеце. Паведамляецца, што мужчына пакінуў перадсмяротную запіску, аднак яе змест трымаецца ў сакрэце.
Пасольства Расіі адмовілася дапусціць мясцовую паліцыю да паўнавартаснага агляду месца здарэння і правядзення следчых дзеянняў на тэрыторыі дыпмісіі, спасылаючыся на дыпламатычны імунітэт.
Напярэдадні стала вядома пра знікненне Баўмгертнера — 56‑гадовы расійскі бізнесмен Уладзіслаў Баўмгертнер перастаў выходзіць на сувязь 7 студзеня. Апошні раз сігнал яго мабільнага тэлефона зафіксавалі ў раёне пасёлка Пісуры. Цяпер там працуе маштабная пошукавая аперацыя з прыцягненнем верталёта, дронаў і валанцёраў.
Уладзіслаў Баўмгертнер атрымаў сусветную вядомасць у 2013 годзе падчас калійнай вайны паміж Расіяй і Беларуссю. Ён быў затрыманы ў Мінску пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі. Пасля вызвалення і продажу актываў «Уралкалія» бізнэсмен пераехаў на Кіпр.