БЕЛ Ł РУС

Сямейную пару з Берасцейшчыны асудзілі на шалёныя тэрміны за дапамогу Украіне

13.01.2026 / 12:8

Nashaniva.com

Дзмітрыя і Вольгу Капузаў асудзілі на 24 і 21 год пазбаўлення волі адпаведна. Таксама пару ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў». Дзмітрыя і Вольгу абвінавачвалі ў «тэрарызме» і «незаконных дзеяннях з боепрыпасамі», піша «Вясна».

36‑гадовых Дзмітрыя і Вольгу Капузаў затрымалі 16 студзеня 2024 года. Муж з жонкай родам з Драгічынскага раёна, жылі каля беларуска-ўкраінскай мяжы.

Па затрыманні на дзяржтэлебачанні выйшаў прапагандысцкі ролік «Зачистка. Борьба с диверсантами и агентами спецслужб Украины в Беларуси», у якім абаіх абвінавачвалі ў кантрабандзе з Украіны.

Тады агулам затрымалі групу з 12 асоб. Паводле версіі прапагандыстаў, пара працавала на спецслужбы Украіны. Сцвярджалася, што жыхары Драгічынскага раёна дапамагалі Службе бяспекі Украіны — забіралі выбухоўку і рабілі схованкі на тэрыторыі Беларусі

У прапагандысцкім відэа паказалі, як Дзмітрыю пры затрыманні прастрэлілі сцягно. А пазней — як ён перасоўваецца на мыліцах. Брата Дзмітрыя адразу па затрыманні супрацоўнікі КДБ збівалі па галаве.

Сямейную пару абвінавачвалі ў «акце тэрарызму» (арт. 289 КК РБ) і паводле ч. 4 арт. 295 КК РБ (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Дзмітрыю прызначылі 24 гады, Вользе — 21 год калоніі. Таксама ім прызначылі вялізныя штрафы. Сутнасць абвінавачвання невядомая. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Летам 2025 года Дзмітрыя і Вольгу ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула