Зборная Беларусі па футболе згуляе з Кіпрам
Вызначыўся першы супернік нацыянальнай зборнай Беларусі ў гэтым годзе. 26 сакавіка яна сустрэнецца са зборнай Кіпра, паведаміла Беларуская федэрацыя футбола.
Фота: t.me/abffby
За ўсю ранейшую гісторыю зборныя Беларусі і Кіпра сустракаліся два разы, і кожны раз гэта былі таварыскія матчы. 18 лютага 2004 года перамогу атрымала Беларусь з лікам 2:0, а 19 лістапада 2008‑га Кіпр з лікам 2:1.
У цяперашнім рэйтынгу FIFA зборная Кіпра займае 128‑е месца, а Беларусь — 99-е. У апошняй еўрапейскай кваліфікацыі чэмпіянату свету — 2026 Кіпр заняў 4‑е месца ў сваёй групе з пяці каманд, набраўшы 8 ачкоў: двойчы перамог Сан-Марына (2:0 і 4:0) і згуляў унічыю з Румыніяй (2:2) і Босніяй і Герцагавінай (2:2).
Матч пачнецца 26 сакавіка ў 20:00 па беларускім часе. Сустрэча дакладна адбудзецца на Кіпры, дакладнае месца правядзення вызначыцца пазней.
Гэта будзе першы матч беларускай зборнай пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Віктара Ганчарэнкі.
Чытайце таксама:
Футбольны арбітр Вадзім Жук: Я нарадзіўся ў Міры, але беларускай мовы ў дзяцінстве амаль не чуў
ФІФА дамовілася пра партнёрства з тыктокам падчас ЧС-2026
У Віцебску снегапад пашкодзіў дах футбольнага манежа
18‑гадовы беларускі футбаліст перайшоў у склад лідара чэмпіянату Польшчы