Падляшскі дуэт Sw@da & Niczos, які спявае на мясцовай гаворцы, атрымаў прэстыжную польскую ўзнагароду
11 студзеня ўручылі адну з найпрэстыжнейшых культурных узнагарод Польшчы — Paszporty Polityki за 2025 год. Узнагарода прысуджалася ў сямі катэгорыях: фільм, сур’ёзная музыка, сцэна, лічбавая культура, выяўленчае мастацтва, кніга і папулярная музыка, піша Reform.news.
Sw@da & Niczos. Скрын экрана
У катэгорыі «Папулярная музыка» перамог падляшскі дуэт Sw@da & Niczos (Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук) — за арыгінальнасць, уласны шлях да слухача і стварэнне сучаснай музычнай візіі, якая чэрпае натхненне з традыцыі. У словах удзячнасці Ніка Юрчук адзначыла, што гэтая ўзнагарода паказвае: іхняя творчасць, зробленая інтуітыўна і па-свойму, цяпер ацэненая шырэй.
Дуэт быў намінаваны за альбом Indawoods, у якім спевакі ператварылі традыцыйную падляшскую гаворку і каранёвыя спевы ў сучасны электронны саўнд, што захапіў польскіх крытыкаў. Музыка Sw@da & Niczos — гэта пачуццёвы маніфест новай ідэнтычнасці: без «музейнасці», але з павагай да каранёў.
Sw@da & Niczos падчас атрымання ўзнагароды. Скрын экрана
У катэгорыі «Сцэна» на ўзнагароду быў намінаваны беларускі драматург і рэжысёр Мікіта Ільінчык, але ўзнагароды не атрымаў.
Paszporty Polityki — адна з самых значных культурных узнагарод у Польшчы, якую штогод прысуджае часопіс Polityka маладым творцам за высокія мастацкія дасягненні, творчую смеласць і ўплыў на сучасную культуру. Фінальны гала-канцэрт збірае вядучых дзеячаў польскай мастацкай сцэны: музыкаў, кінематаграфістаў, тэатралаў, пісьменнікаў і мастакоў.
Чытайце таксама:
Фестываль Graj: свята беларускай музыкі і перажыванні польскай паліцыі
У польскім фінале адбору на «Еўрабачанне» прагучыць песня на падляскай гаворцы