Латушка: Лукашэнка катэгарычна адмовіў ЗША ў просьбе дазволіць вызваленым палітвязням застацца ў Беларусі
Аляксандр Лукашэнка катэгарычна адхіліў просьбу ЗША дазволіць вызваленым палітвязням застацца на радзіме. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Варшаве заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. А прадстаўніца АПК у сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская расказала пра прававы хаос: сілавікі ў Беларусі шукаюць аднаго з былых вязняў, каб той «даседзеў» тэрмін, і паведамілі яго маці пра «ўцёкі» сына з калоніі, піша «Люстэрка».
Палітвязні, вызваленыя 13 снежня. Фота: Lookby.media
Павел Латушка сцвярджае, што падчас перамоў з Лукашэнкам амерыканскі бок прасіў даць вызваленым права выбару — з’ехаць або застацца ў краіне. Гэтую пазіцыю, паводле слоў палітыка, бараніў спецпрадстаўнік ЗША па Беларусі Джон Коўл.
— Я спадзяюся, што дыпламатам ЗША ўдасца пры разглядзе пытання вызвалення наступных груп палітычных зняволеных усё ж адстаяць гэтую пазіцыю. Не ведаю, якія аргументы можа выкарыстаць амерыканскі бок — гэта ім вырашаць, — адзначыў Латушка. — Але мы з вамі таксама выдатна разумеем, што Лукашэнка ідзе на пэўныя саступкі ў сувязі з тым ціскам, які існуе як з боку ЗША, так і Еўрапейскага саюза ў дачыненні да рэжыму. І гэты ціск мае перадусім санкцыйны характар.
Паводле слоў намесніка кіраўніцы АПК, адмова Лукашэнкі фактычна азначае прымусовую высылку апанентаў і пазбаўленне беларусаў іх базавага канстытуцыйнага права.
— Мы сёння назіраем адкрытую палітыку рэжыму Лукашэнкі па дэпартацыі нелаяльнай часткі грамадзянскай супольнасці Беларусі з пазбаўленнем права выбару месца жыхарства, — падкрэсліў палітык.
Пра прававую нявызначанасць, у якой апынуліся былыя вязні, распавяла прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская. Паводле яе слоў, нягледзячы на памілаванне, сістэма ўнутры краіны працягвае працаваць нескаардынавана, а часам і абсурдна.
— Днямі да бацькоў аднаго з вызваленых і высланых прыйшлі супрацоўнікі КДБ і прапанавалі [яму] вярнуцца ў Беларусь і адсядзець 15 гадоў. Калі маці сказала ім, што гэта ж яны яго выслалі, ёй адказалі, што яе сын уцёк з калоніі, — паведаміла Зазулінская.
Прадстаўніца Кабінета адзначыла, што прававы статус вызваленых застаецца няясным. У выдадзеных ім даведках не пазначаныя прычыны вызвалення.
Таксама Зазулінская агучыла сумы, выдаткаваныя на падтрымку 123 чалавек, якія выйшлі на волю 13 снежня. Паводле справаздачы Міжнароднага гуманітарнага фонду, агульная сума выдаткаў за першы месяц склала 211 615 еўра.
Асноўныя артыкулы выдаткаў размеркаваліся так:
- ежа — 66 199 еўра;
- жыллё — 60 862 еўра;
- адзенне — 37 619 еўра;
- тэхніка — 13 867 еўра;
- сродкі гігіены — 10 470 еўра;
- матэрыяльная дапамога — 8070 еўра.
— Мы бачым, колькі сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду было выдаткавана за адзін месяц пачатковай дапамогі. Гэтая сума без уліку ўнёску Freedom House, асабістага ўнёску Паўла Латушкі, унёску валанцёраў, BYSOL, Беларускага дома правоў чалавека, «Вясны», Libereco. Гэтыя арганізацыі маюць свае рэсурсы — фінансавыя і чалавечыя, — падкрэсліла прадстаўніца АПК.
Яна дадала, што наступным крокам стане арэнда пастаяннага жылля для людзей, іх лячэнне, псіхалагічная рэабілітацыя і набыццё не толькі зімовых, але і вясновых рэчаў.
Каардынатарка ініцыятывы Volnyja Вераніка Станкевіч распавяла пра побытавыя ўмовы, у якіх цяпер знаходзяцца былыя палітвязні ў Варшаве.
— Цяпер уся група пражывае ў гатэлі, за выключэннем тых людзей, хто ўжо з’ехаў да сваякоў, — яны лепш адаптаваліся і самастойна знялі жыллё. Частка людзей, якія засталіся ў Варшаве, таксама ўжо жыве ў шэлтарах. І да 20 студзеня ўся група будзе рассяленая па асобным жыллі, якое таксама будзе кампенсавацца са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду, — патлумачыла Станкевіч.
Паводле яе слоў, цяпер ва ўсіх вызваленых ёсць ментары, якія дапамагаюць з адаптацыяй і сацыялізацыяй. Праца вядзецца не індывідуальна з кожным чалавекам, а ў групах па 4—5 чалавек.