Памятаеце фота, як сцюардэса «Белавія» адпачывала ў турбіне самалёта? Дзяўчына распавяла яго гісторыю
Мемы з беларускай Вікторыяй Нікалаенка і па сёння гуляюць у інтэрнэце. Дзяўчына ўжо звольнілася з «Белавія». У Threads яна вырашыла распавесці гісторыю таго, як нечакана стала зоркай.
Тое самае фота
Вось што адбывалася ў той самы дзень: «Я вельмі стамілася ў стыковачным рэйсе (калі рэйс туды і назад два разы). Гэта быў мой другі рэйс, пасажыры былі ўжо на борце, я чакала багаж з іншага рэйса. У «Белавія» ёсць абавязак у бортправаднікоў сачыць за багажом. Ногі адвальваліся, пакуль я чакала чамаданы, вырашыла прысесці».
Вікторыя кажа, што па тэхніцы бяспекі каля турбіны часта ставяць конусы, каб пазбегнуць інцыдэнтаў. Але самалёт быў на стаянцы, і яна дакладна ведала, што рухавікі не ўключаць.
Адзін з мемаў
Нехта з пасажыраў у самалёце сфатаграфаваў стомленую дзяўчыну і выклаў у інтэрнэт. Потым гэты здымак апублікаваў рускамоўны забаўляльны сайт Pikabu — яго карыстальнікі пачалі генерыраваць мемы.
Далей тэму падхапілі і на розных англамоўных пляцоўках. Смела можна сказаць, што фота разышлося па ўсім свеце. І час ад часу зноў з’яўляецца недзе — тры гады таму, напрыклад, пра яго згадалі на Reddit.
Вікторыя кажа, што ёй перыядычна пішуць людзі, якія цікавяцца тым фота. Канечне, адно з самых папулярных пытанняў — ці пакаралі сцюардэсу за тое, што яна адпачывала ў турбіне. Таму што тэхніку бяспекі сцюардэса сапраўды парушыла.
Пра нечаканую славу Вікторыя даведалася, калі калегі пачалі дасылаць ёй розныя мемы. Прызнаецца, што вельмі хвалявалася, як адрэагуе кіраўніцтва. У той час дзяўчына толькі нядаўна прыйшла ў авіякампанію і вельмі баялася, што яе звольняць.
Але ў выніку кіраўнік проста пажартаваў: «Ну што ты, зорка?». А ў калектыве гісторыя таксама стала мемнай.
Чытайце таксама:
«Белавія» стала лятаць у Пхукет
У «Белавія» расказалі, чаму падчас рэйсаў пасажыраў не кормяць дранікамі