Відэа з тэгеранскага морга сведчаць пра вельмі жорсткае падаўленне пратэстаў у Іране
У інтэрнэце з’явіліся новыя шакавальныя відэа з тэгеранскага морга: доўгія шэрагі цел у мяшках, залітыя крывёю падлогі і мноства людзей, якія шукаюць целы сваіх родных і блізкіх. Гэта наступствы вельмі жорсткага падаўлення ўладамі Ірана масавых пратэстаў.
Асцярожна! Тэкст можа выклікаць шок
Служба праверкі фактаў Бі-бі-сі BBC Verify і Персідская служба Бі-бі-сі прааналізавалі і верыфікавалі гэтыя відэа, але не публікуюць іх, паколькі яны ўтрымліваюць надзвычай жорсткія, крывавыя кадры.
Гэтыя відэазапісы з’яўляюцца аднымі з самых выразных даступных сведчанняў таго, наколькі жорстка ўлады Ірана падаўляюць пратэсты, якія пачаліся 28 снежня ў Тэгеране, а затым ахапілі ўсю краіну.
Аналіз відэа паказвае, што ў кадр трапілі амаль 200 цел, раскіданых па ўсёй тэрыторыі трупярні. На многіх целах відаць раны. На многіх мяшках пазначаны даты нараджэння, а аднаму з загінулых было ўсяго 16 гадоў.
Бі-бі-сі верыфікавала відэазапісы хваляванняў з 68 населеных пунктаў Ірана. Насамрэч пратэсты, верагодна, ахапілі значна большую колькасць гарадоў і пасёлкаў. Аднак інфармацыі пра іх вельмі мала: улады цалкам адключылі інтэрнэт па ўсёй 90‑мільённай краіне.
Колькі ўсяго людзей загінула падчас хваляванняў, невядома. Праваабарончая арганізацыя Human Rights Activists News Agency (HRANA), якая працуе ў ЗША, ацэньвае колькасць загінулых больш як 2500 чалавек. Адзін іранскі чыноўнік на гэтым тыдні паведаміў агенцтву Reuters, што загінулі каля дзвюх тысяч чалавек, абвінаваціўшы ў іх смерці «тэрарыстаў».
X@vahid. На мяшку з целам напісана дата па іранскім календары. Загінуламу ўсяго 16 гадоў
Відэа, прааналізаваныя BBC Verify і Персідскай службай Бі-бі-сі, былі апублікаваныя ў аўторак, 13 студзеня, іранскім блогерам Вахідам, які жыве ў ЗША. Паводле яго слоў, гэтыя кадры былі знятыя 10 студзеня ў Цэнтры судовай медыцыны Кахрызак на поўдні Тэгерана. Вахід, які апублікаваў ужо дзясяткі відэа з Ірана, піша, што чалавек, які здымаў гэтыя кадры, пасля праехаў 1000 км да мяжы, каб падключыцца да мабільнай сеткі суседняй краіны і выкласці відэа ў інтэрнэт.
Спадарожнікавы здымак тэгеранскага Цэнтра судовай медыцыны і маршрут, якім рухаўся па тэрыторыі цэнтра аўтар відэа
На двух відэа бачны шэрагі цел у мяшках. Аператар ідзе ўздоўж іх па дарожцы ў паўночнай частцы вялікага комплексу Кахрызак. Потым ён праходзіць праз двор, заходзіць у вялікі ангар і зазірае ў некалькі суседніх памяшканняў — усе яны таксама запоўнены целамі ў мяшках.
У нейкі момант аўтар здымак называе тое, што адбываецца, апакаліпсісам. У іншым месцы чуваць, як ён кажа: «Сёння субота, праз дзень пасля закліку». Ён мае на ўвазе заклік Рэзы Пехлеві, сына апошняга шаха Ірана, які жыве ў ЗША, выходзіць на вуліцы.
Яшчэ два кліпы — падборкі фатаграфій цел у мяшках. Адно з цел выглядае абгарэлым.
BBC Verify і Персідская служба налічылі як мінімум 186 цел у пяціхвілінным відэа і як мінімум 178 цел у 16‑хвілінным кліпе. Частка цел, верагодна, трапіла ў абодва відэа, таму дакладную агульную колькасць вызначыць складана, але яна відавочна большая за 186.
Два відэа складаюцца як мінімум з дзевяці змантажаваных разам кліпаў. Размяшчэнне ценяў дазваляе меркаваць, што гэтыя часткі былі знятыя ў розны час на працягу дня.
Журналісты супаставілі кадры са спадарожнікавымі здымкамі ў Google і ідэнтыфікавалі характэрныя дэталі комплексу Кахрызак, у тым ліку асобныя будынкі, агароджы і чырвоны дах ангара.
Падчас здымак аператар заходзіць з двара ўнутр цэнтра і бачыць новыя целы на насілках і на падлозе. Некаторыя мяшкі цалкам зашпіленыя, іншыя напалову адкрытыя або зусім не зашпіленыя, так што відаць твары загінулых і, у некаторых выпадках, іх раны. У аднаго, напрыклад, відаць глыбокая рана жывата. Некаторыя целы ляжаць зусім непрыкрытыя.
Па ўсім комплексе бачны раскіданыя акрываўленыя ручнікі і прасціны, а таксама струменьчыкі крыві на падлозе.
X@vahid. Мяшкі з целамі ў двары Цэнтра судовай медыцыны ў Тэгеране
Да некаторых мяшкоў прымацаваныя паперкі з асабістымі звесткамі: імя, асабісты нумар, дата нараджэння і смерці. На некаторых мяшках гэтыя звесткі напісаныя белым маркерам. З іх відаць, што сярод загінулых, якія трапілі ў кадр, ёсць як мінімум адна жанчына і адзін падлетак. Два чалавекі пазначаныя як неапазнаныя.
На трох мяшках у якасці даты смерці пазначана 9 студзеня. На адным указана дата нараджэння паводле іранскага календара: 1/1/1388 — гэта 21 сакавіка 2009 года, то-бок загінуламу было 16 гадоў.
У нейкі момант у 16‑хвілінным відэа аператар паварочвае камеру тэлефона ў бок будынка побач і кажа: «Там унутры шмат [цел]. Туды нельга зайсці… Там жаночая частка».
У іранскіх моргах паводле рэлігійных правіл целы мужчын і жанчын трымаюць асобна.
У іншым фрагменце мы бачым мяшок з целам у катафалку і мужчыну побач, які кажа чыноўніцы, што гэта яго сястра. На відэа на тэрыторыі морга відаць некалькі карэт хуткай дапамогі, катафалкаў і фургонаў; мясцовыя супрацоўнікі аглядаюць рады цел, бяруць у загінулых мазкі на аналіз, размаўляюць з людзьмі, якія шукаюць целы сваіх блізкіх.
Не зусім зразумела, чаму целы забітых падчас падаўлення пратэстаў прывезлі менавіта ў Цэнтр судовай медыцыны. Відавочцы распавядалі Персідскай службе Бі-бі-сі, што бальніцы перапоўненыя параненымі і забітымі ў ходзе сутыкненняў.
Паводле звестак HRANA на 15 студзеня, загінулі 2435 удзельнікаў пратэстных акцый, 153 чалавекі, звязаныя з уладамі, дзевяць выпадковых грамадзян і 12 дзяцей. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што загінулых, хутчэй за ўсё, значна больш — гэта толькі тыя, пра каго ў іх ёсць дакладныя звесткі.
На відэа відаць мноства людзей, якія заходзяць на тэрыторыю морга і выходзяць з яе. Многія з іх, відавочна, шукаюць целы сваіх родных і блізкіх. Пастаянна чуваць плач і стогны.
«Некаторых найлепшых з нас забілі», — кажа за кадрам аўтар здымак.
Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне заявіла, што большасць з «значнай колькасці» загінулых, дастаўленых у Кахрызак, — гэта супрацоўнікі сілавых структур або выпадковыя прахожыя, якія не мелі ніякага дачынення да дэманстрантаў.
Большасці замежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку Бі-бі-сі, забаронена працаваць у Іране, таму пры асвятленні цяперашніх падзей нам даводзіцца абапірацца на верыфікаваныя відэа і фота з сацыяльных сетак.