БЕЛ Ł РУС

На аўкцыён выставілі культавы нямецкі спорткар. Прадаюць усяго за 390 рублёў

17.01.2026 / 11:42

Nashaniva.com

На аўкцыённай пляцоўцы Белюрзабеспячэння з'явіўся вельмі цікавы лот. Гэта аўтамабіль Opel Manta.

Manta была нямецкім адказам на амерыканскія поні-кары накшталт Chevrolet Corvette. Першую мадэль лінейкі прэзентавалі ў 1970 годзе, піша Blizko.by.

Выйшла некалькі пакаленняў машын з маторам рознай магутнасці і аб'ёму; аўтамабіль стаў папулярным аб'ектам цюнінгу, а таксама нядрэнна ўдзельнічаў у ралійных спаборніцтвах.

У Германіі Opel Manta стала культурным феноменам, а кіроўца «Манты» — прыкладна такі ж гумарыстычны стэрэатып, як у нас «новы рускі». Паводле нямецкага гарадскога фальклору, сярэднестатыстычны кіроўца Opel Manta — гэта малады накачаны хлопец (Mantafahrer), які не вылучаецца розумам, паводзіць сябе агрэсіўна і ў патоку, і за яго межамі, а таксама сустракаецца з карыкатурнай бландзінкай-цырульніцай.

На таргі выставілі другое пакаленне машыны — Opel Manta B. У апісанні лота сказана, што купэ залацістага колеру выпушчана ў 1983 годзе. Няма звестак аб працоўным аб'ёме матора і яго магутнасці. У тыя гады на Manta ставілі шмат разнастайных рухавікоў, з якімі купэ магло разганяцца да 190‑200 км/г.

Машына знаходзіцца ў Докшыцах Віцебскай вобласці, прадаецца як маёмасць даўжніка Вольгі Харэўскай-Дзямідавай.

Па даных анлайн-картатэк, ІП з такімі ж данымі існавала ў 2001‑2018 гадах (від дзейнасці не ўстаноўлены).

Аднак па фота ж відаць, што машына пабывала ў сур'ёзным і, можа быць, нават страшным ДТЗ: увесь перад машыны цалкам сплюшчаны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула