БЕЛ Ł РУС

Расія нанесла чарговы ракетны ўдар па Кіеве: частка горада засталася без святла і вады, тысячы дамоў — без цяпла

20.01.2026 / 09:22

Nashaniva.com

Расіяне не пакідаюць спроб выклікаць у сталіцы Украіны энергетычны калапс на фоне студзеньскіх маразоў. 

У ноч на 20 студзеня Расія нанесла маштабны ўдар па ўкраінскай сталіцы, выкарыстаўшы балістычныя ракеты і дроны-камікадзэ. Гэтая атака стала чарговым этапам спроб Масквы разбурыць энергетыку Кіева.

Горад сутыкнуўся з сур'ёзнымі перабоямі ў жыццезабеспячэнні. Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, асноўны ўдар прыйшоўся па аб'ектах інфраструктуры на левым беразе Дняпра. Там зніклі электрычнасць і вада. Сацыяльныя аб'екты, у тым ліку бальніцы, вымушаныя былі тэрмінова пераходзіць на аўтаномнае сілкаванне ад генератараў.

На цяперашні момант вядома пра аднаго пацярпелага ў Дняпроўскім раёне. У гэтай жа частцы горада зафіксаваныя траплянні ў нежылыя будынкі і пажар на складскіх памяшканнях. 

Аднак найбольш балючым наступствам стаў удар па ацяпленні. Паводле звестак мэрыі, без цяпла засталіся 5 635 шматпавярховікаў. Драматызм сітуацыі ў тым, што амаль 80% з гэтых дамоў — тыя, куды камунальнікі толькі-толькі вярнулі цяпло пасля папярэдняга абстрэлу.

Кіеў яшчэ не паспеў адысці ад мінулых нападаў. Генеральны дырэктар кампаніі Yasno Сяргей Каваленка паведаміў, што з-за пашкоджанняў энергасістэмы святло ў сталіцы адключаюць больш чым на 16 гадзін у суткі.

Энергетыкі планавалі вярнуць горад да графікаў пагадзінных адключэнняў менавіта сёння, 20 студзеня, але новая хваля абстрэлаў перакрэсліла гэтыя спадзяванні. Праз множныя пашкоджанні абсталявання сітуацыя застаецца крытычнай, і тэрміны аднаўлення паўнавартаснай працы сетак пакуль не прагназуюцца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула