Пазняк назваў Машэрава найбольшым злом у гісторыі Беларусі, калі не лічыць Лукашэнку
Пра гэта гаворыцца ў кнізе пра ветэрана беларускага нацыянальнага руху «Стаць у праломе мура», напісанай Змітром Гурневічам і Паўлам Мажэйкам, піша «Белсат».
Пятро Машэраў у сваім працоўным кабінеце. Фота Юрыя Іванова
Для Зянона Пазняка Машэраў, які кіраваў БССР з 1965 па 1980 гады, — гэта «ці не найбольшы пасля Лукашэнкі злачынца перад беларускай нацыяй». Сёння выбудоўваецца яго міф як палітыка, які вельмі шмат дамогся для БССР, але ўсе яго дасягненні — вынік руплівай дзейнасці яго папярэдніка Кірыла Мазурава.
«Пятро Машэраў для мяне і нашага беларускага асяроддзя — гэта чалавек, які зрабіў шмат зла ў беларускай гісторыі: знішчыў беларускую школу, вёску, Палессе, растаптаў культуру, разбурыў меліярацыяй водную прыроду», — кажа ён.
А вось адна з найбольш выбітных постацяў — Кастусь Каліноўскі.
«Людзі ахвярныя зрабілі шмат для будучыні Беларусі. Такім быў Каліноўскі і каліноўцы. І вось з’яўляюцца людзі, разумныя, гісторыкі, навукоўцы, але ў іх думанне пабудавана на рацыянальных, прагматычных паняццях. Яны нібы знаходзяцца ў гарызантальнай плоскасці. У той час, калі варта ўзняцца на неба і з вышыні нябёс паглядзець, што адбывалася, які быў дух у людзей, чаму яны ахвяраваліся, чаму ішлі на смерць. Тут жа не толькі статыстыка. Так і з Каліноўскім», — кажа Зянон Пазняк.