Пад Масквой пакрыўджаны таджык зарэзаў скінхэда, які чапляўся да пасажыраў аўтобуса
Скінхэд з сябрамі-неанацыстамі залілі яго з газавага балончыка, таму таджык пайшоў па дапамогу да дагестанца. Разам яны адпомсцілі.
Іван «Квас» з сябрамі паказваюць непрыстойныя жэсты пасажырам аўтобуса
У расійскім Падмаскоўі адбыўся міжнацыянальны канфлікт са смяротным вынікам.
Гісторыя пачалася ў аўтобусе ў раёне Фразіна. Група маладых скінхэдаў чаплялася да пасажыраў. Хлопцы паказвалі людзям сярэдні палец, абразілі жанчыну. 19‑гадовы таджык Імамалі Турдзіеў, супрацоўнік склада Wildberries, зрабіў ім заўвагу і прапанаваў выйсці пагаварыць.
Размова не атрымалася.
Аднак Турдзіеў вырашыў, што канфлікт не скончыўся, таму пайшоў па дапамогу. Ён паклікаў з сабой сябра-дагестанца, а заадно ўзяў нож.
Калі яны знайшлі на прыпынку тую групу крыўдзіцеляў, пачалася бойка.
Скінхэды распылілі газавыя балончыкі і стрэльнулі ў бок апанентаў з сігнальнага пісталета. Пасля гэтага паспрабавалі сесці ў аўтобус, каб з’ехаць. Турдзіеў дагнаў аднаго са скінхэдаў і ўдарыў нажом у шыю і ў цела. 18‑гадовы Ілля, вядомы ў неанацысцкіх колах пад мянушкай «Квас», памёр у салоне аўтобуса.
Цяпер таджыка арыштавалі за забойства, справу ўзяў на кантроль кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін.