Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі
Пацярпелі 11 чалавек.
Уночы 21 студзеня адбылася маштабная атака беспілотнікаў у ауле Новая Адыгея, што на мяжы з Краснадарам. Ад выбуху пацярпеў шматпавярховы жылы дом.
На месцы прылёту ўспыхнуў магутны пажар, які перакінуўся на паркоўку: агонь знішчыў 15 аўтамабіляў, яшчэ 25 машын пашкоджаныя.
Кіраўнік рэспублікі Мурат Кумпілаў паведаміў, што раненні атрымалі 11 жыхароў дома. Дзевяць чалавек, сярод якіх двое дзяцей, шпіталізаваныя.
У раёне ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі, а людзей, якія засталіся без жытла, часова размясцілі на базе адпачынку.
Афіцыйная версія расійскіх уладаў традыцыйная — на дом нібыта ўпаў збіты беспілотнік.
Аднак ваенныя аналітыкі і выданне ASTRA, прааналізаваўшы відэа моманту прылёту, настойваюць на іншым: у шматпавярховік пацэліла расійская ракета СПА. На кадрах бачны характэрны хуткі пралёт і траекторыя снарада, які ляціць дакладна ў будынак.
Гэтая ноч стала адной з самых маштабных па колькасці выкарыстаных дронаў. Мінабароны Расіі заявіла пра 75 збітых БПЛА, прычым больш за палову з іх — над Краснадарскім краем.