Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?
Апошнія месяцы 2025 года аказаліся рэкорднымі па аб'ёмах росту рублёвых укладаў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media
Чаму так адбываецца?
Цягам чацвёртага квартала 2025 года беларусы штомесяц абнаўлялі рэкорды па прытоку грошай на рублёвыя ўклады. Апошні квартал прынёс банкам 1,289 мільярда рублёў. У прыватнасці, кастрычнік — 407,7 мільёна, лістапад — 440,3 мільёна, а снежань — 440,8 мільёна рублёў.
Апошнія некалькі гадоў працэнтныя стаўкі па ўкладах у далярах і еўра складаюць ад 0,01% да 0,1% гадавых, таму трымаць на іх грошы фактычна бессэнсоўна.
Пры гэтым працэнтныя стаўкі па рублёвых дэпазітах застаюцца высокімі і амаль не змяняліся з канца лістапада 2023 года. Тады беларускія рублі на безадзыўныя ўклады можна было пакласці пад 13 — 13,5%. Цяпер працэнты па безадзыўных укладах складаюць ад 14,3 да 14,8%.
Разам са стабільным курсам рубля рублёвыя дэпазіты выглядаюць прывабна. У тым ліку з улікам інфляцыі, якая ў апошнія гады вагаецца ў межах ад 5,2% у 2024‑м да 6,8% у 2025-м.
Найбольш выгаднымі лічацца ўклады тэрмінам ад 13 месяцаў, паколькі прыбытак з іх не абкладаецца падаткам.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Што стала з грашыма, калі іх паклалі год ці два таму?
Для разліку возьмем дэпазіт пад 13% гадавых, грошы на які паклалі 13 месяцаў таму ў канцы снежня 2024 года.
Умоўныя 10 000 рублёў пераўтварыліся б у 11 408 рублёў — плюс 1 408 рублёў.
Калі б уклад быў адкрыты на 24 месяцы, то цяпер бы вы замест 10 000 рублёў мелі 12 600 рублёў.
І гэта ўклады без капіталізацыі. Калі ўклад прадугледжвае капіталізацыю, то праз 13 месяцаў будзе плюс 1510 рублёў, а праз 24 месяцы — плюс 2970.
А што будзе, калі перавесці ў даляры?
Матэматыка ў валюце наогул выглядае ашаламляльна. Калі ў снежні 2024 года вы мелі 10 000 рублёў, то па тагачасным курсе вы маглі купіць за іх каля $2880. Сёння, зняўшы ўклад з працэнтамі (11 408 рублёў) і купіўшы валюту, вы атрымаеце на рукі каля $4000.
Дзякуючы ўмацаванню рубля і высокім стаўкам чысты прыбытак у далярах склаў больш за $1100. Гэта каля 39% гадавых у валюце.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Такія вынікі ў пераводзе ў даляры атрымаліся за кошт таго, што рубель моцна ўмацаваўся адносна амерыканскай валюты, што абсалютна нетыпова для Беларусі.
Рызыкі застаюцца
Пры гэтым няма ніякай гарантыі, што ў бліжэйшыя год-два сітуацыя не зменіцца. Паколькі беларусы ўсё яшчэ традыцыйна вымяраюць свае зберажэнні ў далярах, то, каб не згубіць грошы, праз 13 месяцаў даляр мусіць быць не даражэй, чым па 3,32 рубля. (У разлік бярэцца ўклад пад 14,3% з капіталізацыяй)
У выпадку з 24‑месячным дэпазітам — не больш, чым 3,81 за даляр. (У разлік бярэцца безадзыўны ўклад пад 14,7% з капіталізацыяй).
Таксама невядома, як доўга можа працягнуцца час, калі стаўкі па рублёвых дэпазітах будуць на такім жа высокім узроўні. Асабліва ва ўмовах, калі насельніцтва вельмі актыўна нясе грошы ў банкі.