БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнтам Балгарыі стала Іліяна Ётава

23.01.2026 / 16:04

Nashaniva.com

Канстытуцыйны суд Балгарыі сёння разгледзеў і зацвердзіў заяву Румена Радзева аб адстаўцы з пасады кіраўніка дзяржавы, спыніўшы яго паўнамоцтвы.

Фота: Hristo Vladev/NurPhoto via Getty Images

«Паўнамоцтвы прэзідэнта Рэспублікі Балгарыя Румена Радзева спыняюцца датэрмінова, з пацвярджэннем КС пададзенай ім адстаўкі. Рашэнне ўступае ў сілу сёння, 23 студзеня 2026 года», — гаворыцца ў рашэнні суда.

Віцэ-прэзідэнтка Іліяна Ётава, у адпаведнасці з канстытуцыяй, стала першай у гісторыі Балгарыі жанчынай на пасадзе прэзідэнта рэспублікі. Гэта шосты прэзідэнт у гісторыі краіны.

У панядзелак, 19 студзеня, у дзявятую гадавіну першай прысягі на пасаду прэзідэнта Балгарыі, Радзеў звярнуўся да нацыі і паведаміў, што падае ў адстаўку і мае намер разам са сваімі прыхільнікамі прыняць удзел у датэрміновых парламенцкіх выбарах, якія сталі непазбежнымі пасля адмоваў партый, прадстаўленых у парламенце, прадпрымаць дзеянні па фарміраванні новага ўрада.

Іліяне Ётавай — 61 год. Яна працавала на Балгарскім тэлебачанні, член Балгарскай сацыялістычнай партыі, была дэпутатам Балгарскага парламента і Еўрапарламента. З 2017 года была віцэ-прэзідэнткай краіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула