Магутная бура абрынулася на ЗША
У Нью-Ёрку непагадзь забрала жыцці трох чалавек. У Тэхасе і Луізіяне людзі засталіся без святла. Надзвычайнае становішча абвешчана ў 20 штатах. Тым часам, амерыканцы змятаюць літаральна ўсе прадукты з паліц крам.
Фота: Michael Nagle / Bloomberg via Getty Images
Злучаныя Штаты апынуліся ў палоне гістарычнага зімовага шторму, які атрымаў неафіцыйную назву «Ферн». Стыхія ахапіла велізарную тэрыторыю і можа закрануць больш за 230 мільёнаў чалавек. Ужо вядома пра смяротныя выпадкі: тры чалавекі загінулі ад холаду на вуліцах Нью-Ёрка. Надзвычайнае становішча абвешчана ў 20 штатах.
Небяспека шторму заключаецца не толькі ў анамальных снегападах, але і ў разбуральным абледзяненні. У паўднёвых штатах, якія не прыстасаваныя да такіх маразоў, абліваха і моцны вецер валяць дрэвы і рвуць лініі электраперадач.
На гэты момант каля 135 тысяч спажыўцоў засталіся без электрычнасці, найбольш складаная сітуацыя назіраецца ў Тэхасе і Луізіяне. Тэмпература паветра ў асобных рэгіёнах апусцілася да адзнак, якія з улікам ветру адчуваюцца як -40 градусаў.
Транспартная сістэма краіны фактычна паралізаваная. За выходныя было скасавана больш за 13 тысяч авіярэйсаў, што стала самым маштабным збоем у авіязлучэнні з пачатку пандэміі COVID-19.
На трасах па ўсёй краіне фіксуюцца сотні аварый, рух па многіх магістралях цалкам спынены.
Метэаролагі папярэджваюць, што ў некаторых раёнах выпадзе да 60 сантыметраў снегу, а экстрэмальныя маразы пратрымаюцца яшчэ некалькі дзён, што толькі ўскладніць ліквідацыю наступстваў стыхіі.