Як яноту, які прыплыў да нас з ЗША, удалося месяц выжыць у машыне без ежы?
Пра лёс янота, якога ахрысцілі Сенем, расказалі на ветстанцыі.
Скрыншот відэа АНТ
Янот цяпер жыве ў віварыі ашмянскай райветстанцыі. Пакуль на каранціне. На вуліцу не выходзіць, баіцца марозу. Млявы, напалоханы, шмат спіць і не любіць шуму, расказалі на АНТ.
Тройчы на дзень супрацоўніца ветстанцыі Людміла Голуб прыходзіць праведаць Сеню (так назвалі янота). На відэа бачна, як той спалохана ўціскаецца ў сценку. Але, адзначаюць на ветстанцыі, яго стан ужо значна лепшы, чым быў.
Янот любіць курыцу, вінаград, арэшкі, яблыкі. Любімая ежа — сырыя яйкі. Прысмакі яму перадаюць і гродзенскія мытнікі.
Пакуль за жывёлай проста назіраюць. Яму трэба будзе зрабіць прышчэпкі і высветліць, колькі яму гадоў і хто гэта — хлопчык ці дзяўчынка.
Скрыншот відэа АНТ
Янот прыплыў у Беларусь з ЗША ў марскім кантэйнеры з легкавымі машынамі. Калі яго заўважылі, то спачатку прынялі за цацку. У дарозе янот правёў не менш за месяц. З голаду нават пагрыз салон машыны.
Як янот змог так доўга быць без ежы? Яноты падобныя да мядзведзяў — увосень нагульваюць тлушч, а зімой любяць паспаць. Гэтыя звычкі і выратавалі ад смерці. Падчас такога стану анямення ў янотаў замаруджваюцца жыццёвыя працэсы, крыху зніжаецца тэмпература цела.
Так янот прыехаў у Беларусь. Фота: мытня
«Сон у прыродзе ў іх неглыбокі, перарывісты. Калі дзесьці надыходзіць адліга, янот можа прачнуцца, выйсці са свайго сховішча, недзе знайсці штосьці ядомае, проста размяцца. І потым зноў ён забіраецца да сябе ў сховішча і спіць да наступнай адлігі», — расказвае Таццяна Саўчук, лектарка Гродзенскага заапарка.
Скрыншот відэа АНТ
У машыне, якую перавозілі з ЗША, няма бакавога шкла. Так янот і прабраўся ўнутр.
На каранціне на ветэрынарнай станцыі ў Ашмянах янот прабудзе да сярэдзіны лютага. За гэты час яму падбяруць новае жыллё — гэта можа быць, напрыклад, і Налібоцкая пушча, і гродзенскі заапарк.