Галоўчанка не гуляе спецыяльна супраць даляра
Сітуацыя з курсам беларускага рубля застаецца стабільнай і галоўным чынам залежыць ад рынкавых фактараў, заявіў старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Раман Галоўчанка ў каментары тэлеканалу «Першы інфармацыйны».
Раман Галоўчанка. Фота: БелТА
Галоўчанка ўдакладніў, што гэтыя рынкавыя фактары звязаныя з геапалітычнай сітуацыяй.
«Я ўжо неаднаразова казаў, што мы не гуляем спецыяльна супраць долара, не аслабляем рубель, не ўмацоўваем рубель. Таму пакуль сітуацыя на рынку складаецца такая. Пакуль я думаю, што яна цалкам задавальняе, галоўным чынам, беларускіх экспарцёраў, якія прадаюць прадукцыю ў Расійскую Федэрацыю», — адзначыў ён.
Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што на курс цяпер уплывае і заканчэнне падатковага перыяду ў Беларусі, што стварае вялікую прапанову валюты на рынку. Пасля можна чакаць невялікага аслаблення рубля, але рэзкіх ваганняў у Нацбанку не прагназуюць.
27 студзеня даляр на Беларускай валютна-фондавай біржы падрос на 0,5% да рубля, курс юаня таксама павысіўся на 0,5%, а расійскі рубель падаражэў на 0,27%.
Чытайце таксама:
Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?
Эксперты далі прагноз курсу даляра на 2026 год
Золата, акцыі, нерухомасць. Куды лепей інвеставаць у 2026 годзе