БЕЛ Ł РУС

Нас можа чакаць самае моцнае пахаладанне сезона, тэмпература можа апусціцца ніжэй за 30°С

28.01.2026 / 15:34

Nashaniva.com

З 30 студзеня надвор’е ў нашай краіне пачне вызначаць паўднёвая перыферыя скандынаўскага антыцыклону, па якой пачнецца перамяшчэнне халоднага паветра з поўначы еўрапейскай тэрыторыі Расіі, паведамляе тэлеграм-канал «Метеовайб».

Фота: LookByMedia

Па-першае, у антыцыклон уліецца яшчэ больш халоднае ядро з Карскага мора.

Па-другое, з Чорнага мора ў напрамку Паволжа пачне зрушвацца і паглыбляцца актыўны паўднёвы цыклон, тылавая частка якога ўзмоцніць прасоўванне яшчэ больш студзёнага арктычнага паветра на паўднёвы захад.

У выніку ў выходныя і на пачатку наступнага тыдня на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць вельмі халодная паветраная маса з адмоўнай тэмпературнай анамаліяй 15—20°C і больш. Існуе высокая верагоднасць сутачных рэкордаў мінімальных тэмператур.

Паводле звестак мадэлі ECMWF, у ноч на суботу на поўначы чакаецца да −25°C, у нядзелю ў большасці раёнаў −21…−27°C, месцамі да −30°C.

А на пачатку тыдня слупкі тэрмометраў месцамі могуць апусціцца ніжэй за −30°C.

Пакуль жа самая халодная ноч гэтай зімы была 14 студзеня. На метэастанцыі «Вялікі Межнік», што ў Шклоўскім раёне, было мінус 29,7°С.

Потым некалькі начэй самым халодным рэгіёнам быў арэал Клічаў — Бабруйск, дзе было да мінус 27.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула