БЕЛ Ł РУС

У 2023‑м у Празе раптоўна памёр 35‑гадовы беларускі журналіст Ануфрыенка. Былая калега кажа, што яго маглі атруціць

28.01.2026 / 20:15

Вінцэсь Клепачэня

У 2023 годзе раптоўна памёр прадзюсар тэлевізійных выпускаў навін і шэф-рэдактар інфармацыйных праграм «Настоящего времени» беларус Алег Ануфрыенка. Тады паведамлялася, што прычынай стала «цяжкая і нечаканая хвароба». Былая калега Алега, расійская журналістка Фарыда Курбангалеева, выказвае меркаванне, што мужчыну маглі атруціць.

Алег Ануфрыенка. Фота: facebook.com / aleh.anufryienka

Як згадвае былая вядучая праграмы «Вести» на тэлеканале «Россия-1» Фарыда Курбангалеева ў інтэрв'ю ютуб-каналу Любові Собаль, з Алегам яны былі знаёмыя па сумеснай працы ў Празе на канале «Настоящее время» (праект «Радыё Свабода»). На працягу паўтара года яны штодня камунікавалі па працоўных пытаннях, а іх сталы знаходзіліся побач.

«Ён часта быў маім шэф-рэдактарам, выдаваў мяне ў эфір. (…) Гэта быў малады мужчына без якіх-небудзь сур'ёзных захворванняў».

Па словах Курбангалеевай, пасля яе сыходу з канала яны перасталі камунікаваць. А восенню 2023 года адразу некалькі чалавек паведамілі ёй пра тое, што здарылася з Алегам.

«Ён стаў скардзіцца на тое, што ў яго гарыць скура, нейкі сверб незразумелы на руках, яшчэ на нейкіх частках цела. Ён хацеў схадзіць да доктара. Але стан быў настолькі цяжкім — відаць, невыносныя былі гэтыя сімптомы — што ён не вытрымаў і выклікаў хуткую дапамогу»,

— перадае журналістка словы калег.

Па словах Фарыды, пасля шпіталізацыі Ануфрыенку ўвялі ў стан штучнай комы, у якой ён прабыў пару тыдняў да самай смерці.

Журналістка даводзіць, што ў Алега «ўзялі аналізы на ўсе магчымыя захворванні — вірусныя, інфекцыйныя, аўтаімунныя, якія заўгодна — і не знайшлі нічога». Паралельна разглядалася і версія аб атручванні.

«Я ведаю, што на «Радыё Свабода» прыходзілі спецыялісты ў касцюмах хімічнай абароны, якія бралі нейкія аналізы з яго працоўнага месца, мазкі нейкія, абследавалі яго камп'ютар, за якім ён сядзеў, стол», — дзеліцца былая калега.

В нашем большом разговоре про отравления оппозиции Фарида Курбангалеева поделилась странной историей, про которую я лично ничего не знала раньше. Думаю, и вы могли про нее не слышать, широко это не обсуждалось. А зря.

В 2023 году скоропостижно умер Олег Ануфриенко. Он был… pic.twitter.com/z5fcp8fhQl

— Соболь Любовь (@SobolLubov) January 28, 2026

Па яе словах, вынікі гэтых экспертыз дагэтуль застаюцца таямніцай.

Алег Ануфрыенка ў канцы 2010 года быў адлічаны з факультэта журналістыкі БДУ за тое, што зняўся ў агітацыйным роліку «Схавай бабулін пашпарт». На той момант ён працаваў на Белтэлерадыёкампаніі на канале «ЛАД». Пасля працаваў на Tut.by. З цягам часу пераехаў у Чэхію, працаваў на канале «Настоящее время».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула