БЕЛ Ł РУС

Цана на золата наблізілася да 5600 даляраў за унцыю

29.01.2026 / 08:17

Nashaniva.com

Золата ў чацвер працягвае сваё імклівае ралі і дасягнула рэкорднага ўзроўню — крыху не дацягнуўшы да $5 600 за ўнцыю, бо інвестары шукалі бяспечныя актывы на фоне геапалітычнай і эканамічнай нявызначанасці, у той час як срэбра амаль перасягнула адзнаку $120, піша Reuters.

Фота: Osaka / Wayne Studio / Getty Images

Спотавая цана на золата падскочыла да $5 538,69 за ўнцыю па стане на 06:49 па Мінску, пасля таго як раней быў зафіксаваны рэкорд $5 591,61. 

Лютаўскі ф'ючарс каштуе 5405 даляраў.

«Рост запазычанасці ЗША і нявызначанасць, выкліканая прыкметамі таго, што глабальная гандлёвая сістэма расколваецца на рэгіянальныя блокі, адыходзячы ад мадэлі, арыентаванай на ЗША, падштурхоўваюць вядучых інвестараў укладвацца ў золата», — сказаў аналітык Marex Эдвард Меір.

У сярэдзіне снежня золата каштавала 4500 даляраў за унцыю, у гэты панядзелак, 26 студзеня, яно ўзяло планку 5000 даляраў і пачало даражэць шалёнымі тэмпамі: аўторак — 5100, серада раніцай — 5200, серада (дзень) — 5300 даляраў.

За гэты месяц золата падаражэла на 22 працэнты, за ўвесь 2025 год рост склаў 64 працэнты.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула