БЕЛ Ł РУС

Што «Наша Ніва» пісала ў гэтыя дні ў 2016, 2006, 1996?

30.01.2026 / 19:55

Nashaniva.com

Усё мяняецца — «Наша Ніва» застаецца.

2016

Ніна Багінская зладзіла Новы год са сцягам

Жыхарка Мінска ў навагоднюю ноч прайшла ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасці з бел-чырвона-белым сцягам. «Я ўжо ў тым узросце, што сама вырашаю, з чым мне хадзіць», — адказвала яна спецназаўцам, якія сустракаліся на шляху.

Мітрапаліт Павел: У ЗША няма ўжо нічога хрысціянскага

«Сёння Амерыка наступае на тыя ж граблі, што і Савецкі Саюз». «Засталася толькі абгортка ад цукеркі, а самой цукеркі ўжо не існуе»…

Новая стратэгія нацыянальнай бяспекі Расіі разглядае «зніжэнне ролі рускай мовы ў свеце» як пагрозу

Што мова для расіян можа служыць casus belli, мы бачылі ў 2014 годзе. Таму ўсім суседзям Расіі трэба гэты пункт ведаць…

Як настаўнік музыкі з калготкамі і панчохамі перамог індывідуальных прадпрымальнікаў. Гісторыя поспеху заснавальніка «Контэ Спа» Валянціна Байко

Пару гадоў таму ў парку Ласосна паўстаў комплекс з некалькіх катэджаў. Некалькі драўляных вясковых хатак тут стаялі і раней. Але цяпер яны сталі хлявамі побач з сучаснымі дамамі. У Ласосне ўзвяла свае катэджы бізнэс-эліта Гродна.

«Рух забаронены» — такі знак сустракае няпрошаных гасцей.

Першым за шлагбаумам стаіць дом Станіслава Сямашкі, уласніка будаўнічых кампаній і гатэля, названага ў гонар сябе. Гэта той дзеяч польскага руху, які падтрымаў Аляксандра Лукашэнку і ў канцы 2000‑х узначаліў «афіцыйны» Саюз палякаў Беларусі.

Побач з домам Сямашкі — сціплы катэдж сям’і Байко. Калі быць дакладным, Валянціна Байко-старэйшага. А вось сам гаспадар бізнэсу, кажуць, атабарыўся ў Калбасіне. Калісьці гэта была вёска ў прыгарадзе Гродна, аднак з цягам часу Калбасіна ўвайшло ў склад абласнога цэнтра.

Рэзідэнцыя Байко раскінулася амаль на 30 сотках зямлі. За каменным плотам, выстаўленым елачкай, два будынкі. У двары стаіць мікрааўтобус з дыпламатычнымі нумарамі. Нездарма ж Валянцін Байко-малодшы — ганаровы консул Украіны ў Гродне…

Святлана Курс: «Я, можа, апошні чалавек, які памятае Новы год як Васілле»

Пішу вам і ўспамінаю сцэны з маіх двух-трох год. Як прывялі на тэлевізар 100‑гадовага дзядка, якому, тым не менш, «свяцілі вочы», і радаваліся, тыцкаючы пальцам у «Лебядзінае возера»: «Глянь, Костусь, чэрці скачуць. Бачыш, Костусь?» Што на тое Костусь адказваў, не памятаю, але гэта ён мне расказаў, што насамрэч крумкачы крычаць «кроў, кроў, кроў!», і асабліва трэба ўважаць, калі крумкачы збіраюцца па трое…

Самае чытанае на nn.by за 30 снежня — 22 студзеня

1 Навагодні падарунак беларусам ад Пуціна

2 Тэлеканал «Расія» адцэнзураваў вядомы кадр у фільме «Брыльянтавая рука»

3 Тэст на нацыянальнасць: што вы бачыце на фота?

4 Да 7 студзеня і пасля 13‑га прагназуецца выключны мароз — да мінус 25 на поўначы

5 Як Пуцін стаў Пуціным: фільм-расследаванне, як група кагэбістаў і звязаных з імі крымінальных груповак падмяла пад сябе эканоміку Расіі

6 Роўна на Новы год у Дубаі згарэў 63‑павярховы гатэль

7 Аляксандр Ціхановіч: Алексіевіч? Шыла ў мяшку не схаваеш. Ролік з «псіхбальніцы»? Гэта быў піяр-ход. Наш ганарар? 30 млн рублёў

8 Яны адышлі ад нас за 2015 год

9 Антон Матолька: Беларусь — гэта Еўропа!

10 Лукашэнка падзякаваў ЗША і Еўропе

«Адзін народ хадзіў 40 год — і выйшаў моцны. Рэспубліка Беларусь

у 2016‑м адзначыць першы юбілей абвяшчэння незалежнасці. Хоць, папраўдзе, няма пакуль рэальнай незалежнасці. Гэта былі, хутчэй, гады шляху да яе. Колькі яшчэ ісці? Невядома. Але ж у тое, што «дойдзем мы», верыць усё больш беларусаў. Пажадайма ж сабе ў Год Незалежнасці болей незалежнасці», — пісала «Наша Ніва» ў рэдакцыйным уступе да свайго першага нумара за 2016 год.

2006

(Газета пасля забароны на афіцыйны распаўсюд перайшла ў фармат А5)

50 радкоў рэдактара

Перадусім дзякую тым людзям, якія ў 25‑градусны мароз даносілі газету чытачам…

Шанцы на падзенне дыктатуры

ацэньваюць Віталь Сіліцкі, Андрэй Казакевіч і Валер Карбалевіч…

Янка Лайкоў: Мы жывём у вольнай краіне

Усяго 46 літаратараў падалі заявы на выхад з Саюза беларускіх пісьменнікаў, каб перайсці ў Чаргінцоў СПБ. У большасці гэта супрацоўнікі холдынга «Літаратура і мастацтва»…

74‑дзённай галадоўкай

ваўкавыскі прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч дабіўся вызвалення з турмы. За час галадоўкі 40‑гадовы Аўтуховіч страціў 40 кг…

Справа Каспяровіча

17 студзеня а 22‑й актывіста беларускга руху садраў чырвона-зялёны сцяг з даха Мінгарвыканкама. Цяпер яму пагражае год «хіміі». Як усё было насамрэч?..

Шаноўныя нашаніўцы!

Сардэчна віншую вас з Новым годам. Няхай у 2006 годзе «Наша Ніва» вернецца ў каталогі. Адам Мальдзіс, Мінск

Перавагі сэксу на марозе

Адзіны ў нашых шыротах сваяк марское траскі робіць гэта цяпер. У час, калі ўся беларуская зверына, птаства і людства, стуліўшыся, чакаюць цяпла, у прадонных глыбінях, лабірынтах карчоў, таемных норах пачынаецца рух. Якраз цяпер у ментузоў — шлюбныя гулі…

1996

(Першы нумар «Нашай Нівы» ў 1996 выйшаў 1 сакавіка)

Мы й сусветная гісторыя

Нашы адчуванні не супадаюць з тым, што нам штодзённа навязваюць беларускія газеты й асабліва тэлебачанне. Мы ведаем, што няма перспектываў у гігантаў сацыялістычнай індустрыі (іншая рэч — шкада людзей); пра тыпаж кіраўніка — «самага чалавечнага чалавека» — мы ўжо шмат чыталі ў гістарычнай публіцыстыцы. Але бездань паміж намі і цяперашнім рэжымам нават больш глабальная, чым татальны недавер да афіцыйных лозунгаў. Мы бачым, што тут няма палітыкі, няма эканомікі, няма рэаліяў — усё суцэльная метафізіка. Беларуская дзяржава сёння — мара для доследаў Фройда…

Зразумець Дудаева

Джахар Дудаеў — гэта не дзікі важак племені чачэнцаў, але прэзідэнт, абраны сваім народам на дэмакратычных выбарах…

Сіла супраць інтуіцыі

У шахматным матчы Каспарава з камп’ютарам Deep Blue першую партыю чэмпіён свету прайграў…

За што Авін забіў Кавеля?

Новае эсэ Уладзіміра Арлова пра аўтобуснае падарожжа з Наваполацка ў Менск.

Ніякі Тарквемада з усімі сваімі іспанскімі чаравікамі ды іншым спецпрычындаллем не выцягнуў бы з мяне і дзясятай долі таго, што здольны здабыць чырваналобы «Ікарус», што вязе мяне з Наваполацка ў Менск…

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула