БЕЛ Ł РУС

На адной з будоўляў рабочыя ў мароз працавалі ў летнім абутку

30.01.2026 / 22:40

Nashaniva.com

Пракуратура Мінска знайшла сур’ёзныя парушэнні аховы працы на адным з будаўнічых аб’ектаў сталіцы. Падчас праверкі высветлілася, што некаторыя будаўнікі працавалі на вуліцы ў мароз у летнім тэкстыльным абутку, які не абараняў ні ад холаду, ні ад вільгаці, ні ад слізкай паверхні.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Акрамя таго, работнікі паведамілі, што ў халодны перыяд ім не даваліся дадатковыя перапынкі для абагрэву на працягу працоўнага дня. Гэта супярэчыць санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням, згодна з якімі людзі, што працуюць у неспрыяльных тэмпературных умовах, павінны быць забяспечаныя спецадзеннем, ахоўным абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны.

Праверка таксама паказала, што на будаўнічым аб’екце адсутнічалі аптэчкі першай дапамогі, сцены бытавых памяшканняў мелі дэфекты і не забяспечвалі належнага цеплавога камфорту. Інструменты і матэрыялы захоўваліся без спецыяльных прыстасаванняў, што стварала рызыку іх падзення і траўмавання работнікаў.

У выніку пракурор Заводскага раёна Мінска вынес прадпісанне кіраўніку арганізацыі з патрабаваннем тэрмінова ліквідаваць выяўленыя недахопы і прыцягнуць вінаватых службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці. 

Чытайце таксама:

Навучэнец каледжа катаваў свайго непаўналетняга суседа па пакоі і здымаў на відэа — вынесены прысуд

У Гомелі дзяўчатам за 4 з паловай рублі прадалі толькі два арэшкі

На змену цыклону «Леоні» прыйдзе антыцыклон «Даніэль»

Каментары да артыкула