Стала вядома, калі выйдзе першы сезон новага серыяла «Гары Потэр»
Першы сезон серыяла «Гары Потэр» выйдзе на пачатку 2027 года, пра гэта выданню Deadline паведаміў Кейсі Блойс, генеральны дырэктар HBO.
Арабэла Стэнтан, Дамінік Маклафлін і Аластар Стаўт, якія сыграюць Герміёну Грэйнджэр, Гары Потэра і Рона Уізлі ў новым серыяле ад HBO. Фота: HBO
На працягу апошняга года, пакуль пісалі сцэнар, падбіраўся акцёрскі састаў і запускаўся вытворчы працэс, датай прэм’еры адзначаўся 2027 год. Цяпер тэрміны сталі вядомыя дакладней.
«Калі звузіць кола, я б сказаў, што гэта пачатак 2027 года. І цяпер вы спытаеце, ці гэта студзень, люты, сакавік, красавік. Але на гэта мы пакуль не гатовы адказаць. Я толькі скажу, што гэта пачатак 2027 года», — сказаў гендырэктар HBO.
Дамінік Маклафлін атрымаў ролю Гары Потэра, Аластар Стаўт — Рона Уізлі, а Арабэла Стэнтан — Герміёны Грэйнджэр.
Таксама ў шоу здымаюцца Паапа Эсьеду, Джон Літгоу і Джанет Макцір.
Шоуранерам серыяла стала Франчэска Гардынер, вядомая па працы над серыялам «Нашчадкі».
Кожная з сямі кніг пра Гары Потэра будзе паказана ў асобным сезоне. Здымкі пачаліся летам 2025 года ў Вялікабрытаніі.
Джоан Роўлінг выступае ў якасці выканаўчага прадзюсара. Раней аўтар кніг падзялілася першымі ўражаннямі пра серыял. «Я прачытала першыя дзве серыі будучага серыялу, і яны неверагодна добрыя», — напісала яна ў X.
Чытайце таксама:
Кіліян Мёрфі можа сыграць Валдэморта?
HBO паказаў акцёраў, якія сыграюць Гары Потэра і ягоных сяброў Рона і Герміёну ў новым серыяле
Джаан Роўлінг засталася ў поўным захапленні ад сцэнарыяў першых эпізодаў серыяла пра Гары Потэра