БЕЛ Ł РУС

Прапагандыстка Лебедзева пахвалілася эксклюзівам з Марыупальскага тэатра, які Расія адбудавала з нуля, каб схаваць сляды ваеннага злачынства

2.02.2026 / 00:01

Nashaniva.com

Ксенія Лебедзева стала адной з першых замежніц, каго акупацыйныя ўлады дапусцілі ўнутр адбудаванага будынка Марыупальскага драмтэатра. У сваім відэа яна з захапленнем паказвае свежую пазалоту і новую люстру, цалкам ігнаруючы той факт, што новы тэатр узведзены, каб прыхаваць масавае забойства.

Беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева і фасад адбудаванага расійскімі акупацыйнымі ўладамі будынка драматычнага тэатра ў Марыупалі. Фота: інстаграм Лебедзевай.

У сваім інстаграме беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева, якая ўжо была адзначаная прэміяй ад расійскага ўрада за прапагандысцкі фільм пра Марыупаль, зладзіла сапраўдную рэкламную экскурсію па новым будынку.

Яна з усмешкай дэманструе свежую лепку, мармуровыя лесвіцы і аксамітныя крэслы, называючы авіяўдар, які пахаваў пад сабой сотні людзей, проста «выбухам 2022 года».

«Тэатр ужо практычна аднавілі. Кажуць, што яго пастараліся аднавіць ідэальна, у дакладнасці з тым варыянтам, які быў да выбуху», — расказвае Лебедзева, пакуль камера паказвае велізарную хрустальную люстру.

Гэтыя кадры выглядаюць асабліва вусцішна, калі памятаць, што арыгінальная люстра абвалілася на галовы дзяцей, якія шукалі ў тэатры паратунку.

Інтэр'еры адбудаванага расійскімі акупацыйнымі ўладамі будынка драматычнага тэатра ў Марыупалі. Фота: інстаграм Лебедзевай.

Інтэр'еры адбудаванага расійскімі акупацыйнымі ўладамі будынка драматычнага тэатра ў Марыупалі. Фота: інстаграм Лебедзевай.

Скульптурная група на франтоне адбудаванага расійскімі акупацыйнымі ўладамі будынка драматычнага тэатра ў Марыупалі. Фота: інстаграм Лебедзевай.

Тое, што Лебедзева называе «ідэальным аднаўленнем», міжнародныя эксперты і праваабаронцы адназначна расцэньваюць як маштабную акцыю па знішчэнні ўлік.

16 сакавіка 2022 года расійскія ВКС скінулі на тэатр дзве 500‑кілаграмовыя бомбы, ведаючы, што ўнутры знаходзіцца самае вялікае ў горадзе сховішча. Перад фасадамі тэатра велізарнымі літарамі быў нанесены надпіс «ДЕТИ», які бачылі спадарожнікі, але «не заўважылі» расійскія пілоты. Паводле расследавання Associated Press, пад плітамі тэатра загінулі каля 600 чалавек.

Марыупальскі тэатр пасля расійскай атакі. 

Марыупальскі тэатр пасля расійскай атакі. 

Каб канчаткова схаваць маштабы трагедыі, у снежні 2022 года акупацыйныя ўлады цалкам знеслі руіны арыгінальнага тэатра, расчысціўшы месца злачынства бульдозерамі. Новы будынак, у якім цяпер здымае свае «эксклюзівы» беларуская прапагандыстка, па сутнасці з'яўляецца глянцавым надмагіллем з мармуру і пазалоты, узведзеным на месцы брацкай магілы.

Пакуль Лебедзева чакае ў Марыупалі «найбліжэйшых пастановак», сапраўдная трупа тэатра працуе ва Ужгарадзе. Ацалелыя марыупальскія акцёры паставілі спектакль «Марыупальская драма» — праўдзівую гісторыю пра тое, што насамрэч адбылося ў тэатры, пакуль яго не ператварылі ў стэрыльную дэкарацыю для дзяржаўнага тэлебачання Беларусі і Расіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула