Мінэнерга: Людзі павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах
Намеснік міністра энергетыкі Сяргей Адаменка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў пра тое, як падаецца цяпло ў дамы падчас моцных маразоў, паведамляе БелТА.
Паводле слоў Сяргея Адаменкі, графік падачы цяпла залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя.
«Мы стараемся выконваць гэтыя графікі, бо яны павінны быць плаўнымі, каб не было рэзкіх перападаў ціску і тэмпературы, каб гэта не пашкодзіла цеплатэхнічнае і цеплаперадаючае абсталяванне. Аднак з улікам заўвагі кіраўніка дзяржавы, якую мы, безумоўна, улічылі, мы запланавалі зніжэнне тэмпературнага графіка для таго, каб не было вялікай нагрузкі на абсталяванне і пры гэтым мы маглі забяспечыць сацыяльныя ўмовы пражывання людзей.
Тэмпература ў памяшканнях і кватэрах грамадзян у перыяд моцных маразоў будзе некалькі зніжаная ў параўнанні з тым, як гэта практыкавалася раней. Але гэта ўсё роўна будуць камфортныя ўмовы, і грамадзяне павінны паставіцца да гэтага з разуменнем», — растлумачыў ён.
«Безумоўна, цяпло будзе — плюс 18 градусаў і вышэй абавязкова павінна быць. Гэта сацыяльныя стандарты. Да такіх нехарактэрных маразоў, як у гэтым годзе, мы, вядома ж, не прызвычаіліся. Нашы грамадзяне прывыклі, што ў кватэрах у нас 22—25 градусаў цяпла. Але гэта вялікія нагрузкі на абсталяванне», — падкрэсліў Сяргей Адаменка.
Паводле яго слоў, ва ўмовах зімы, калі тэмпература паветра трымаецца каля нуля градусаў, нагрузкі на абсталяванне меншыя. «Але цяпер, калі тэмпература паветра дасягае мінус 20—25 градусаў, на абсталяванне станцый і цеплавых сетак ідзе велізарная, незбалансаваная нагрузка. Мы вымушаныя наладжваць рэжымы, каб знізіць гэту нагрузку і захаваць наша абсталяванне», — дадаў намеснік міністра энергетыкі.
«Калі тэмпература навакольнага паветра паніжаецца, натуральна, павялічваецца спажыванне цяпла. Калі казаць пра максімальныя нагрузкі, то мы, напэўна, дасягнулі свайго піку за апошнія 7—8 гадоў — 7,3 тыс. мегават-гадзін. У мінулым годзе гэты паказчык складаў 6,7 тыс. мегават-гадзін», — падсумаваў Сяргей Адаменка.
Нагадаем таксама, што два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка, каментуючы сітуацыю з пашкоджаннем цеплатрасы ў Сухараве, што прывяло да спынення падачы цяпла ў некалькіх раёнах горада, прапанаваў знізіць тэмпературу падачы цепланосьбіта ў кватэры да 80 градусаў.
«Ну, калі б у трубах была не вада з тэмпературай 90 °C, а 80 °C і ціск быў бы меншы, у пакоі было б крыху халадней. Не 25 °C, а 20 °C. Для дома гэтага дастаткова», — адзначыў тады ён.