У Мінску створаць тры флагманскія цэнтры хуткай дапамогі
Флагманскія цэнтры экстранай медыцынскай дапамогі будуць арганізаваны на базе Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, 10‑й гарадской клінічнай бальніцы. Пра гэта паведаміў старшыня Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Юрый Горбіч, пішуць Мінск-Навіны.
— Сэнс флагманскіх медцэнтраў заключаецца ў тым, каб жыхары горада Мінска атрымлівалі экстраную дапамогу максімальна эфектыўна і хутка, — адзначыў Ю. Горбіч. — І каб не ўзнікалі сітуацыі, калі доктар не паспявае да пацыента, якому патрэбна стабілізацыя стану, як кажуць, «тут і цяпер», з-за аказання дапамогі чалавеку з больш стабільным станам.
Паводле слоў Ю. Горбіча, флагманскія цэнтры экстранай медыцынскай дапамогі будуць абсталяваныя сучаснымі прыёмнымі аддзяленнямі і аддзяленнямі кароткатэрміновага знаходжання.
— Вельмі важна, каб на працягу адных сутак можна было вызначыць, куды пасля аказання медыцынскай дапамогі накіраваць пацыента: дадому, у рэанімацыю ці ў стандартнае аддзяленне, — працягнуў Ю. Горбіч.
Паводле яго слоў, на ўваходзе ў прыёмнае аддзяленне пацыенты будуць падзеленыя па патоках.
Прыярытэтны — «чырвоны» (для людзей з жыццёва пагрозлівымі сітуацыямі). Медыцынская дапамога такім людзям будзе аказвацца неадкладна — у аддзяленнях, максімальна набліжаных да рэанімацыйных. Гэта значыць, пацыента з «чырвонага» патоку ў першую чаргу неабходна стабілізаваць.
«Жоўты» паток — для пацыентаў, чый стан дастаткова сур’ёзны, але дапамога ім можа быць адкладзена. Іншымі словамі, у дактароў яшчэ ёсць час, каб правесці дыягностыку.
«Зялёны» паток — адносна лёгкія пацыенты, якія звярнуліся ў клініку самастойна.