БЕЛ Ł РУС

«Агляд на мяжы, праверка тэлефона і канвой у кайданках». Беларуска распавяла, як з’ездзіла дадому

3.02.2026 / 08:58

Nashaniva.com

Беларуска ўпершыню за 7 год паехала ў Беларусь і трапіла ў ІЧУ за лайкі ў сацсетках.

Беларуска, якая жыве ў Польшчы, распавяла ў сацсетцы Threads, як з’ездзіла дадому, заўважыла BGmedia.

«Сем гадоў жыву ў Польшчы. Пэўны час таму вырашыла з’ездзіць дадому — у Беларусь. Вынік: агляд на мяжы, допыт, праверка тэлефона і вішанька на торце — канвой у кайданках. Сяджу я, значыць, у гэтых самых кайданках у «бобіку» (ёсць нейкая афіцыйная назва гэтай перавозкі, з якой ні чорта не відаць?). «Ну добра, — думаю. — Новы цікавы досвед», — напісала ў посце дзяўчына.

Ён набраў больш за 550 тысяч праглядаў і амаль 600 каментарыяў. Пад пастом аўтарка напісала яшчэ некалькі паведамленняў, у якіх раскрыла фінал гэтай гісторыі:

«Далей — ІЧУ на двое сутак (пашанцавала яшчэ, могуць трымаць даўжэй): прыколы ў выглядзе клапоў, жудаснага холаду, адсутнасці матрацаў, немагчымасці спаць уначы і нармальна сядзець удзень… затое кампанія выдатная!). За выключэннем бамжыхі, «падселенай» на другія суткі. Ну і ў выніку — суд і штраф каля 200$, які здаецца ўжо блаславеннем багоў…».

«Спачатку ІЧУ, потым суд (ну такі сабе, хуценькі, дзе суддзя вачэй не падымае, а прысуд ужо гатовы), штраф (артыкул — ужо не памятаю які… 18 кропка нешта там). Ну і ўсё ў маім выпадку».

«Штраф — за падпіскі і лайкі. Лайкі ў маім выпадку — за 2020 год (масавыя пратэсты ў Беларусі на фоне выбараў). Ну а тут лайкі ў інстаграме — роўна «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Таксама дзяўчына патлумачыла, чаму вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй: «Ды насамрэч не так ужо і весела… Перад тым як апублікаваць пост, думала сто тысяч разоў… а чым гэта мне можа павярнуцца потым? Гэта падобна на выбар: «баяцца ці ўсё ж такі скокнуць», а ўжо раскрыецца парашут ці не — справа выпадку…».

Як часта беларусаў дапытваюць пры вяртанні дадому?

Асобная тэма ў каментарыях пад постам беларускі — допыты на мяжы. Некаторыя не вераць у іх, бо іх ніколі не дапытваюць на мяжы:

«У мінулым годзе (2025) я прыляцела ў Беларусь праз 6 гадоў. І ніводнага пытання на мяжы ці дзе-небудзь. Ніхто нават слова не спытаў пра мой тэлефон, сацсеткі. «Сардэчна запрашаем у Беларусь» — усё, што я пачула».

«Ехаў у кастрычніку з Чэхіі дадому, 8 гадоў там адпрацаваў. Вёз машыну рэчаў, перавозчыка наймаў. Заплаціў размытнёўку асабістых рэчаў, тэлефон ніхто не правяраў, гутаркі не гутарыў. Зразумеў адно: у памежнікаў ёсць нейкая база даных, вось яны па ёй і правяраюць/гутараць з тымі, з кім ім цікава…».

«6 гадоў у Польшчы знаходжуся, 1—2 разы на год езджу дадому бацькоў праведаць. Кожны раз перад выездам манітору інтэрнэт і рыхтуюся да нечага, бо ў інтэрнэце такога панапісваюць. І ведаеце што? За 6 гадоў ні разу не было ні допыту, ні прадузятага стаўлення да мяне на беларускай мяжы».

«Я з’ехала ў 21-м. Рэгулярна езджу. Раней так — маглі зірнуць наяўнасць тэлеграма, апошні год ці два ўвогуле нічога не правяраюць, не пытаюцца. Пры аглядзе ўсміхаюцца і жадаюць прыемнай дарогі. Адзіны смешны момант быў, калі маё падарункавае мыла прынялі за гашыш, але гэта ўжо іншая гісторыя».

На гэтыя каментарыі адказалі беларусы, якіх дапытвалі на мяжы:

«Ехала ў тым годзе праз літоўскую мяжу. Дома мяне не было год. Якое было маё здзіўленне, што мяне знялі з аўтобуса. На сайтах ніколі нічога не пісала, лайкі нікуды не ставіла, але страх, хочаш не хочаш, прысутнічаў. Сама атмасфера спрыяла. Агляд заняў максімум 5 хвілін. Запрасілі ў кабінет, пагутарылі. Даглядзелі тэлефон (галерэя, сацсеткі). Спыталіся, чаму нумары ўкраінскія ў тэлефоне — мне хаваць няма чаго. За 6 гадоў пражывання з’явілася шмат сяброў і знаёмых з Украіны. Усё скончылася добра».

«Не кажыце за ўсіх, правяраюць яшчэ як. Вы проста ездзіце часта, таму няма пытанняў. Тыя, хто не заязджае доўга, — пад падазрэннем. Кожны месяц пасты чытаю, як вывозяць проста з аэрапорта».

«Калі часта ездзіш — то не правяраюць. Калі даўно не быў — то ўсюды шманаюць».

«Ну так. У мяне тэлефон шманалі, спрабавалі падлавіць… Пасля аналізу інфармацыі ў тэлефоне пачалі правяраць, ці не блытаюся я ў паказаннях. І параўноўвалі з данымі ў сваёй базе».

«Самае цікавае, што шмат каментарыяў, якія гэтыя праверкі зусім нармальнымі лічаць! Яшчэ і прымушаюць адпрацоўваць пасля інстытута ў вёсках, працаваць на пасадах па 200 € у месяц, прызнаюць іх то дармаедкамі з-за таго, што не працуюць — а ім усё роўна».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула