БЕЛ Ł РУС

Прэм'ер Літвы сустрэлася ў Вільні з Марыяй Калеснікавай і Таццянай Хоміч

3.02.2026 / 15:35

Nashaniva.com

У аўторак прэм’ер-міністр Інга Ругінене прыняла Марыю Калеснікаву, якая вярнулася на волю пасля больш як пяці гадоў незаконнага зняволення, а таксама яе сястру Таццяну Хоміч, паведамляе LRT.

Фота: прэс-служба ўрада Літвы

«Радуюся, што вы на волі. Літва гатовая вам усяляк дапамагчы», — сказала падчас сустрэчы кіраўніца ўрада Літвы Інга Ругінене.

Яна таксама падкрэсліла, што ўрад Літвы падтрымлівае дыпламатычныя намаганні ЗША з мэтай вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

«Мы супрацоўнічаем са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, дыпламатычныя намаганні якога даюць адчувальныя вынікі — як у вызваленні палітычных зняволеных, так і ва ўмацаванні бяспекі ў рэгіёне. Гэтыя крокі для нас надзвычай важныя, бо яны спрыяюць таксама ўмацаванню нацыянальнай бяспекі Літвы», — адзначыла падчас сустрэчы Ругінене.

Марыя Калеснікава падзякавала прэм’ер-міністру за паслядоўную падтрымку Літвой беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнаму руху, а таксама за садзейнічанне вызваленню палітычных зняволеных і аказанне ім усёй неабходнай дапамогі.

Кіраўніца ўрада Літвы падкрэсліла, што Вільня і надалей будзе захоўваць ціск з мэтай вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, адзначыла, што Літва чуе голас беларускага народа і будзе працягваць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычную апазіцыю.

Марыя Калеснікава і Таццяна Хоміч сустрэліся таксама са старшынёй кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Міндаўгасам Сінкявічусам.

Фота з фэйсбука Міндаўгаса Сінкявічуса

«Падчас сустрэчы Марыя Калеснікава заклікала Літву і іншыя еўрапейскія краіны актыўна падтрымліваць намаганні ЗША ў дачыненні да Беларусі. Яна таксама падкрэсліла важнасць гуманітарных пытанняў і выказала перакананне, што гэты год можа стаць пераломным — годам, калі ў Беларусі можа не застацца ніводнага палітычнага зняволенага», — расказаў палітык.

Ён падкрэсліў, што палітыка Літвы ў дачыненні да Беларусі павінна грунтавацца на выразных мэтах і адчувальных выніках, а ізаляцыя сама па сабе не прыводзіць да рашэнняў: «Санкцыі не з’яўляюцца мэтай самі па сабе, яны павінны выкарыстоўвацца разумна як інструмент дасягнення канкрэтных мэтаў, асабліва ў сферах бяспекі і гуманітарных пытанняў, у тым ліку вызвалення палітычных зняволеных».

Ён дадаў, што падчас сустрэчы Марыя Калеснікава таксама заклікала павялічыць мабільнасць грамадзян Беларусі паміж Літвой і Беларуссю, падкрэсліваючы важнасць больш інтэнсіўнага руху з Еўропай і прапаноўваючы аднавіць чыгуначнае пасажырскае злучэнне Мінск—Вільня, а таксама абнавіць аўтобусныя маршруты.

Чытайце таксама:

Прэм'ер Літвы: Пацяплення ў адносінах з Беларуссю я не бачу, і для гэтага няма прычын

Каментары да артыкула