Закахаўся і паехаў ва Украіну. 19‑гадовы беларускі палітвязень дапамагае кіяўлянам перажыць зіму пад расійскімі абстрэламі
Сеў у турму ў 18 гадоў за тое, што хацеў ваяваць ва Украіне. Цяпер працуе валанцёрам у Кіеве, у беларускім «Пункце нязломнасці». Радыё Свабода расказвае гісторыю былога палітвязня, сваяка Святланы Ціханоўскай Аляксея Капліча.
Былы палітвязень Аляксей Капліч са сваёй украінскай дзяўчынай Дыянай, фота з прыватнага архіву
Былы палітвязень Аляксей Капліч родам з вёскі Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Калі пачалося поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну, ён вучыўся ў дзявятым класе і меў усяго 15 гадоў.
24 лютага 2022 года, а 5‑й раніцы, юнак прачнуўся ад гулу расійскіх самалётаў-знішчальнікаў і верталётаў — непадалёк ад яго вёскі ў Лунінцы месціцца вайсковы аэрадром (рэзервовая авіябаза ваенна-паветраных сіл войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, куды падчас уварвання Расіі ва Украіну быў перакінуты 18‑ы штурмавы авіяполк з самалётамі-штурмавікамі Су-25СМ і верталётамі Мі-8 і Мі-24. — РС). Аляксей пачаў фатаграфаваць расійскую авіятэхніку, скідваў фота ў чат-бот СБУ.
Ён яшчэ тады вырашыў, што пойдзе ваяваць за Украіну. Ведаў пра беларусаў, якія ўжо гэта зрабілі, кантактаваў з некаторымі. Украінцы паабяцалі ўзяць яго ў трэцюю штурмавую брыгаду. Тады ж Аляксей пазнаёміўся ў інтэрнэце з дзяўчынай-украінкай Дыянай з Сумскай вобласці, пачалі перапісвацца. Пасля школы пераехаў у Брэст, уладкаваўся на працу і чакаў паўналецця, каб паехаць ваяваць.
Аляксей Капліч на прэса-канферэнцыі ў Вільні, 22 снежня 2025 года
30 сакавіка 2025 года Аляксею споўнілася 18 гадоў, і літаральна на наступны дзень ён купіў квіток на самалёт у Грузію, каб адтуль ужо трапіць ва Украіну.
«У аэрапорце я праходжу пашпартны кантроль, і малады памежнік кажа: «Давайце падыдзем да іншай відэакамеры, гэтая вас дрэнна распазнае». Іду за ім, заходзім у кабінет, і я разумею, што гэта мой апошні прыпынак. Надзяваюць мяшок на галаву, на рукі кайданкі, тварам у стол і кажуць, што я затрыманы», — узгадвае хлопец.
СІЗА КДБ
Аляксей Капліч мяркуе, што сілавікі адсачылі яго перапіскі з украінцамі. Яны аднавілі старую сім-карту Аляксея, якой ён пазбавіўся, бо дзён за пяць да затрымання заўважыў уваход у акаўнт з дзвюх прылад. З аэрапорта хлопца павезлі ў цэнтральны апарат КДБ.
«На першым допыце, які цягнуўся да чацвёртай раніцы, лязом рэзалі руку і паварочвалі тое лязо. Калі быў на допытах у кабінетах, кармілі адзін раз на два дні, двухлітровая бутэлька вады — на 11 дзён. У СІЗА КДБ ставілі на расцяжку, заводзілі ў «мяккі пакой»: там са столі звісае кручок і лябёдка. Кайданкі, што ў мяне за спінай, карабінам прышпільваюць да ланцуга і падымаюць тую лябёдку, у мяне пункт апоры — толькі пальцы на нагах. Ну і білі пастаянна.
12 дзён ніхто не ведаў, што са мной і дзе я. А яны дамагаліся, каб я расказаў пра ўкраінцаў, з кім кантактаваў», — узгадвае Аляксей.
Усяго ў СІЗА КДБ Капліча трымалі два месяцы. Сустрэўся там з многімі так званымі «карупцыянерамі» і толькі з двума «палітычнымі» — Васілём Верамейчыкам і Юрасём Зянковічам. Расказвае, што Верамейчыка жорстка білі, не давалі нармальна спаць. Потым Аляксея перавялі ў новы СІЗА ў Калядзічах.
Два гады калоніі
Летам 2025 года Капліча судзілі ў Мінскім гарадскім судзе. Абвінавацілі яго паводле часткі 1 артыкула 361‑3 Крымінальнага кодэкса («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванні або падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу»).
Працэс быў адкрыты, прайшло тры пасяджэнні. Прысутнічалі бацькі і старэйшы брат.
«Суд — гэта проста цырк. Суддзя пытаецца, навошта я хацеў ехаць на вайну ва Украіну. Я адказаў, што гэта акупацыя Украіны іншай дзяржавай. Суддзя сказала, што выносіць мне папярэджанне — за што, я так і не зразумеў. У выніку — два гады за тое, што я нібыта меў намер паехаць ва Украіну, хоць затрымалі мяне пры пасадцы на рэйс у Грузію», — апавядае Аляксей.
Па дарозе ў Кіеў, фота з прыватнага архіва
Бацькі даведаліся, што сын хацеў ехаць ва Украіну, толькі калі яго затрымалі. Раней ён казаў ім, што збіраецца на заробкі ў Польшчу.
«З бацькамі я нармальна кантактую, а вось са старэйшым братам — не. Ён мяне не зразумеў, нават асудзіў. Калі я вызваліўся і сказаў, што ўсё адно буду вяртацца ва Украіну, ён заявіў: «Здохнеш там як сабака». На гэтым нашы размовы скончыліся», — прызнаецца Аляксей.
За «Героям слава!» — ШІЗА
Адбываць пакаранне 18‑гадовага юнака накіравалі ў адну з самых суровых калоній — у шклоўскую. З двух месяцаў, праведзеных у ПК-17, 35 дзён ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары.
«Выклікае мяне начальнік калоніі Аляксандр Карніенка. Размаўляем, ён пасярод размовы, правакуючы, нечакана кажа: «Слава Украіне». Я адказваю: «Героям слава!» І атрымліваю 15 дзён ШІЗА. Потым яшчэ двойчы па 10 дзён за дробныя прычыны. Каменны мяшок, вельмі холадна, ложак прышпілены да сцяны. Порцыі ўдвая меншыя за звычайныя. Калі адчыняюцца дзверы і заходзіць супрацоўнік, там ёсць чырвоная лінія, на якую ты павінен стаць. Б’е: можа адзін раз, а можа і 20», — узгадвае Аляксей.
Працаваў ён на швейнай вытворчасці — за месяц зарабіў 15 капеек. Ненашмат больш атрымлівалі і іншыя — па 2—3 рублі. Нягледзячы на інфармацыйную блакаду, нават за кратамі людзі разумеюць, што ўкраінцы ў гэтай сітуацыі абараняюць свой дом.
«Большасць не падтрымлівае Расію, не падтрымлівае Лукашэнку. Нават тыя, хто сядзіць па 10—15 гадоў, усё разумеюць», — сцвярджае Аляксей Капліч.
Нечаканае вызваленне
12 снежня 2025 года Аляксей працаваў на добраўпарадкаванні тэрыторыі калоніі, грузіў пясок у мяшкі. Падышоў супрацоўнік і сказаў: «Ідзі ў атрад».
Аляксей Капліч у Кіеве, фота з прыватнага архіву
«Там мне даюць вопіс і кажуць: «Збірайся на этап». Я думаў, што мяне чакае чарговы суд — і падумаць не мог, што пасля ўсяго двух месяцаў калоніі мяне вызваляць. На наступную раніцу бачу аднаго, другога, трэцяга «жаўтабірачніка» — тады з калоніі вызвалілі 12 «палітычных». Нас пагрузілі ў мікрааўтобус, на вочы насунулі шапкі, рукі ў кайданках. Мы думалі, што нас вязуць у Літву. Перад мяжой перасадзілі ў іншыя аўтобусы. Калі я ўбачыў іржавыя адбойнікі, міны, супрацьтанкавыя «вожыкі», «зубы дракона», зразумеў, што вывезлі нас ва Украіну. Радасць, эмоцыі перапаўнялі — нас вызвалілі», — кажа былы палітвязень.
У Чарнігаве беларусаў сустрэлі супрацоўнікі шпіталя, утульна рассялілі, добра кармілі, медсёстры ўсім аказалі дапамогу, дапамаглі звязацца з роднымі.
«У іх саміх вайна, а яны так душэўна нас прынялі! Я патэлефанаваў сваёй дзяўчыне Дыяне. Тая расплакалася і ўжо хацела ехаць, але я яе спыніў. Яна прыехала да мяне ўжо ў Вільню. У Вільні я даволі хутка атрымаў дакументы, і мы паехалі разам у Кіеў», — кажа Аляксей.
На прэс-канферэнцыі, арганізаванай для вызваленых палітвязняў у Вільні, Аляксей прызнаўся, што ён сваяк Святланы Ціханоўскай — яе траюрадны брат.
«Спадзяюся, што Украіна мяне прыме»
Раней у Кіеве хлопец ніколі не быў. Горад яму вельмі падабаецца. Падабаецца і атмасфера: цяпер моцныя маразы, няма электрычнасці, але людзі дапамагаюць адзін аднаму, падтрымліваюць. Ён пайшоў працаваць валанцёрам у беларускі «Пункт незламнасці».
«Пункт незламнасці» — гэта вялікі намёт з генератарам. Там ёсць ацяпленне, можна пагрэцца ў мароз, падзарадзіць тэхніку, выпіць гарбаты ці кавы, пагаварыць. Валанцёры — беларусы і ўкраінцы. Пункт працуе дзень і ноч. Пастаянна прыходзяць людзі», — апавядае Аляксей.
«Беларускі пункт нязломнасці» ў Кіеве, дзе дапамагае Аляксей Капліч, фота Алены Жаркевіч
Ён прызнаецца, што дзяўчына пакуль адгаварыла яго ісці ваяваць. Таму будзе валанцёрыць, хоча заснаваць бізнес, каб дапамагаць украінскай арміі набываць дроны і абсталяванне для вайскоўцаў.
«Яшчэ больш за месяц магу тут знаходзіцца легальна. Спадзяюся, што Украіна мяне прыме і дазволіць легалізавацца. Хачу застацца тут. Я не магу заставацца ўбаку, калі пакутуе братні ўкраінскі народ», — разважае 19‑гадовы Капліч.