БЕЛ Ł РУС

Хакеры паўгода распаўсюджвалі вірусы праз папулярны тэкставы рэдактар

4.02.2026 / 17:12

Nashaniva.com

Недзе каля паўгода хакеры распаўсюджвалі шкоднасныя праграмы праз афіцыйную сістэму абнаўлення папулярнага тэкставага рэдактара Notepad++. Пра гэта паведамілі самі распрацоўшчыкі на сайце праекта.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

З чэрвеня па снежань 2025 года зламыснікі мелі магчымасць кантраляваць трафік праграмы і выбарачна атакавалі карыстальнікаў, у асноўным звязаных з бізнэсам ва Усходняй Азіі. Атака стала магчымай з-за ўзлому інфраструктуры хостынг-правайдара, на серверах якога знаходзіўся сайт Notepad++.

Падчас абнаўлення праграмы запыты карыстальнікаў перанакіроўваліся на серверы зламыснікаў, адкуль замест бяспечных файлаў загружаліся шкоднасныя маніфесты. Пасля трапляння ў сістэму вірус збіраў тэхнічную інфармацыю пра камп’ютар і запушчаныя працэсы, выкарыстоўваючы стандартныя сродкі аперацыйнай сістэмы. Сабраныя даныя захоўваліся ў асобным файле і перадаваліся хакерам.

Распрацоўшчык Notepad++ Дон Хо паведаміў, што расследаванне, праведзенае разам са спецыялістамі па кібербяспецы, паказала: актыўная фаза атакі пачалася яшчэ ў чэрвені 2025 года. Хоць серверы хостынгу былі ачышчаныя падчас тэхнічнага абслугоўвання ў верасні, зламыснікі працягвалі мець доступ да ўнутраных сэрвісаў і перахопліваць трафік да пачатку снежня.

Цяпер каманда Notepad++ цалкам змяніла хостынг-правайдара і ўмацавала сістэму абароны. Каб гарантаваць бяспеку і выключыць магчымасць сачэння, карыстальнікам рэкамендуюць уручную спампаваць і ўсталяваць версію 8.9.1 з афіцыйнага сайта.

У бягучай версіі ўжо рэалізаваная абавязковая праверка сертыфікатаў, а ў наступным выпуску распрацоўшчыкі плануюць яшчэ больш узмацніць механізмы праверкі і бяспекі.

Чытайце таксама:

Мы пераправерылі «спісы падпісантаў незалежных медыя» і загрузілі іх у воблака, каб можна было праглядаць бяспечна

ГУБАЗіК мог «зашыць» вірус у «базы звестак падпісантаў незалежных медыя». Вось як абараніцца

Кіберпартызаны і хакеры Silent Crow узламалі «Аэрафлот» і знішчылі яго ІТ-інфраструктуру. У расійскіх аэрапортах — хаос

Каментары да артыкула