БЕЛ Ł РУС

У ЗША вынеслі пажыццёвы прысуд мужчыну, які рабіў замах на Трампа

4.02.2026 / 23:48

Nashaniva.com

У ЗША суд асудзіў да пажыццёвага зняволення 59‑гадовага Раяна Рута, якога прызналі вінаватым у замаху на Дональда Трампа ў 2024 годзе, калі той балатаваўся ў прэзідэнты. Пра гэта паведамляе Fox News.

Раян Рут. Фота: Martin County Sheriff’s Office / AP

Канчатковае рашэнне было вынесена пасля таго, як суд прызнаў Рута вінаватым па пяці пунктах федэральнага абвінавачання. Сярод іх — спроба забойства аднаго з галоўных кандыдатаў у прэзідэнты ЗША, напад на супрацоўніка федэральных праваахоўных органаў і незаконнае валоданне агнястрэльнай зброяй.

Пракуроры настойвалі на пажыццёвым зняволенні, у той час як абарона прасіла абмежавацца 20 гадамі турмы плюс абавязковым сямігадовым тэрмінам па адным з абвінавачанняў, звязаных са зброяй. Абвяшчэнне прысуду было перанесена, бо абвінавачаны вырашыў скарыстацца паслугамі прафесійнага адваката і адмовіўся ад самастойнай абароны.

Паводле версіі следства, Рут некалькі тыдняў рыхтаваў замах. 15 верасня 2024 года, калі Трамп знаходзіўся ў сваім гольф-клубе ў Фларыдзе, абвінавачаны, хаваючыся ў кустах, навёў на яго вінтоўку. Аднак супрацоўнік Сакрэтнай службы заўважыў яго раней і адкрыў агонь. Пасля гэтага Рут кінуў зброю і ўцёк, так і не зрабіўшы ніводнага стрэлу, але пазней быў затрыманы.

Раней амерыканскія журналісты пісалі, што Рут нібыта хацеў далучыцца да ўкраінскіх узброеных фарміраванняў для ўдзелу ў вайне супраць Расіі, але яму адмовілі. Пасля гэтага ён, як сцвярджаецца, спрабаваў вербаваць замежнікаў у міжнародны легіён Украіны, аднак яго ідэі іншыя байцы называлі неадэкватнымі.

Чытайце таксама:

Каля дома Трампа ў Фларыдзе адбылася страляніна. Мільярдэр не пацярпеў

Учорашнюю стральбу ў Фларыдзе кваліфікавалі як замах на Трампа

Падазраванаму ў замаху на Трампа выставілі абвінавачванне

Раяна Рута афіцыйна абвінавацілі ў спробе замаху на Дональда Трампа

У Фларыдзе выявілі снайперскую вышку з відам на самалёт Трампа

Каментары да артыкула