БЕЛ Ł РУС

Кіроўцу аўтобуса з Магілёва адправілі за краты за лайкі ў «Аднакласніках»

6.02.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Андрэй Шмаянкоў — звычайны кіроўца з Магілёва, які любіць савецкія матацыклы і паездкі на прыроду. Яго асудзілі па палітычных артыкулах за актыўнасць у сацсетках.

Андрэй Шмаянкоў. Фота з ягоных «Аднакласнікаў»

Андрэю Шмаянкову 52 гады, ён жыве ў Магілёве. Вядома, што юнацтва мужчыны прайшло ў Крычаве — там ён вучыўся ў Абласным ліцэі №4, які скончыў у 1990 годзе.

Андрэй працаваў кіроўцам аўтобуса. Вядома, што раней ён ездзіў на заробкі ў Расію — напрыклад, мінулым летам працаваў кіроўцам маршруткі ў падмаскоўным Звянігарадзе, але пасля вярнуўся ў Беларусь.

Мяркуючы па сацсетках, Андрэй — заўзяты аматар тэхнікі. Ён цікавіцца аўтамабілямі і матацыкламі, асабліва фанацее ад маркі «Ява». На яго старонцы шмат фота транспарту і нататак пра правілы дарожнага руху. У вольны час мужчына любіць выбрацца на прыроду і пазбіраць грыбы.

У яго ёсць жонка і сын.

Андрэй Шмаянкоў на ўлюбёным байку. Фота з «Аднакласнікаў»

Пераслед магілёўца пачаўся з-за яго старонкі ў «Аднакласніках». Спецыфіка гэтай сацсеткі такая, што пастаўлены пад пастом «клас» (лайк) аўтаматычна працуе як рэпост, у выніку ўпадабаны допіс аўтаматычна адлюстроўваецца ў стужцы чалавека. Многія карыстальнікі пра гэта не ведаюць. Шмаянкоў некалькі разоў лайкаў навіны з 2020 года і амаль напэўна забыўся пра гэта.

Андрэя асудзілі паводле ч. 1 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суд Ленінскага раёна Магілёва прысудзіў яму калонію ці хімію з накіраваннем — дакладны тэрмін невядомы.

Чытайце таксама:

Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца

Вайскоўца з роты ганаровай варты, які пасля працаваў у ахове дыппрадстаўніцтваў, асудзілі за палітыку

Намесніка дырэктара буйнога прадпрыемства з Дзятлаўшчыны пасадзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Каментары да артыкула