Зяленскі дапусціў, што наступныя трохбаковая сустрэча па Украіне пройдзе ў ЗША
Прэзідэнт Украіны пракаментаваў вынікі другой трохбаковай сустрэчы ў фармаце Украіна — Расія — ЗША, што скончылася ўчора ў Абу-Дабі.
Фота: Ebrahim Noroozi / AP
«Была справаздача нашай перагаворнай каманды пасля двух дзён сустрэч і перамоў у Эміратах з амерыканскім бокам і з расійскім бокам. Чакаю каманду ў Кіеве для паўнавартаснай справаздачы: шматлікія аспекты немагчыма абмеркаваць праз тэлефон. З таго, што ўжо можна сказаць, — найбліжэйшым часам плануюцца наступныя сустрэчы. Верагодна, у Амерыцы», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Ён дадаў, што Украіна гатовая да ўсіх працоўных фарматаў, якія могуць рэальна наблізіць мір.
«Важна, каб гэтая вайна скончылася так, каб у Расіі не было ўзнагароды за агрэсію. Гэта адзін з ключавых прынцыпаў, якія вяртаюць і гарантуюць сапраўдную бяспеку», — напісаў прэзідэнт Украіны.