Маладзечанец Дзмітрый Асанаў абараніў свой чэмпіёнскі тытул
Дзмітрый не пакінуў шанцаў прэтэндэнту на чэмпіёнскі пояс.
Фота: dzmitry_asanau / Instagram
У тытульным баі наш суайчыннік не пакінуў шанцаў аргенцінцу Карласу Рамасу, які прэтэндаваў на ўзнагароду Асанава, піша Tochka.by.
Паядынак, у якім было запланавана дзесяць раўндаў, завяршыўся датэрмінова — у сёмым Дзмітрый аформіў тэхнічны накаўт.
Яшчэ большай каштоўнасці перамозе беларуса дадае той факт, што Рамас доўгі час выступаў у першай паўцяжкай вазе, спусціўшыся на лягчэйшую катэгорыю.
Гэтая вікторыя стала для Асанава 12‑й у прафесійнай кар'еры і 6-й, здабытай накаўтам.
Адзначым, што паражэнне ад нашага суайчынніка стала для вопытнага лацінаамерыканца пятым у кар'еры пры 24 перамогах.
Дзмітрый Асанаў — адзін з самых паспяховых беларускіх баксёраў сучаснасці.
Нарадзіўся ў 1996 годзе ў Маладзечне, спортам займаецца з дзяцінства, яго першым трэнерам быў бацька. У аматарскай кар'еры Асанаў выйграў срэбра Еўрапейскіх гульняў, бронзу чэмпіянату свету і станавіўся чэмпіёнам Еўропы.
З 2022 года выступае ў прафесійным боксе і да сёння непераможны.
Асанаў займае 13‑ы радок рэйтынгу WBC і ўваходзіць у топ-50 паводле версіі BoxRec.