БЕЛ Ł РУС

«Чароўны трусік» Юрый Дземідовіч узначаліў расійскі правінцыйны оперны тэатр

7.02.2026 / 20:08

Арына Жураўская

Калектыву тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі ўрачыста прадставілі новага мастацкага кіраўніка — ім стаў беларус. Гаворка ідзе пра маладога дырыжора Юрыя Дземідовіча, якога суайчыннікі памятаюць як «Чароўнага трусіка» з дзіцячага «Еўрабачання».

Юрый Дземідовіч. Фота з яго інстаграма

Мясцовыя чыноўнікі чакаюць, што Юрый зробіць так, каб «рэгіянальны тэатр быў бачны на федэральнай карце культуры». Сам жа Дземідовіч падкрэсліў: «Для мяне Тэатр оперы і балета Рэспублікі Комі — гэта тэатр з патэнцыялам і характарам. Мая задача як мастацкага кіраўніка — выбудаваць выразную стратэгію, павысіць выканальніцкі ўзровень і стварыць умовы, пры якіх тэатр зможа ўвайсці ў лік вядучых оперных тэатраў Расіі. Гэта амбітная, але абсалютна дасягальная мэта пры сумеснай прафесійнай працы».

Нагадаем, Юрый Дземідовіч прадстаўляў Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні» ў 2009 годзе. Тады ён з песняй «Чароўны трусік» заняў толькі дзявятае месца, але стаў шалёна папулярным не толькі на радзіме, але і за яе межамі. Відэа з конкурснай песняй хлопца з незвычайнай знешнасцю амаль адразу завірусілася.

Але самому Юрыю такая слава не падабалася — ён рос у даволі рэлігійнай сям’і, з трох гадоў пеў у царкоўным хоры. А гледачы бясконца жартавалі, што песняй «Чароўны трусік» можна лёгка выклікаць д’ябла. Таму ў нейкі момант хлопец заявіў, што больш ніколі не будзе выконваць свой галоўны хіт — і стрымаў абяцанне. Нават адмовіўся выступаць на разагрэве ў гурта The Prodigy, калі той прыязджаў у Мінск.

У выніку таленавіты хлопец вырашыў вучыцца на дырыжора. Кар'ера яго складваецца даволі паспяхова. Юрый стаў лаўрэатам многіх музычных конкурсаў, ён дырыжыраваў аркестрамі ў розных тэатрах Беларусі і Расіі.

Чытайце таксама:

Вядучая БТ, паэтка, уцякач. Як склалася жыццё самых яркіх удзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання»?

Ксенія Сітнік сабралася замуж?

Першая прадстаўніца Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» Вольга Сацюк стала мамай

Каментары да артыкула