БЕЛ Ł РУС

Адзінокі пенсіянер з Брэста праз ДНК-тэст знайшоў сваю дачку з Далёкага Усходу

9.02.2026 / 10:59

Nashaniva.com

Гэтую гісторыю, падобнаю да сцэнарыя фільма, якая адбылася ў рэальным жыцці з жыхаром Брэста, расказалі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Брэсцкай вобласці. За вынікі гэтай справы перажываў увесь калектыў, піша БелТА.

Гісторыя пачалася яшчэ ў часы Савецкага Саюза, расказала эксперт-генетык Таццяна Кліза. Маладога берасцейца пасля вучобы размеркавалі на Далёкі Усход. Там ён сустрэў дзяўчыну, пачаліся адносіны. Калі тэрмін адпрацоўкі скончыўся, хлопец вырашыў вяртацца дадому, але дзяўчына не змагла паехаць з ім — яна даглядала хворую маці. Маладыя людзі спрабавалі падтрымліваць сувязь праз лісты, але з часам перапіска спынілася, і іх шляхі разышліся.

Праз шмат гадоў мужчына, ужо будучы пенсіянерам, выпадкова сустрэў у Брэсце старога знаёмага з Далёкага Усходу. У размове той згадаў, што былая каханая берасцейца праз некалькі месяцаў пасля яго ад’езду нарадзіла дачку.

Мужчына, які за ўсё жыццё так і не стварыў сям’ю і не меў дзяцей, загарэўся надзеяй. Сама жанчына ўжо памерла, але яе дачку ўдалося адшукаць праз знаёмых.

Калі яны сазваніліся, дзяўчына расказала, што яе маці так і не выйшла замуж і пра бацьку ніколі не распавядала.

Мужчына прапанаваў ёй прыехаць у Брэст, каб правесці генетычную экспертызу.

Дзяўчына пераадолела тысячы кіламетраў, каб сустрэцца з чалавекам, якога ніколі не бачыла. Супрацоўнікі ДКСЭ згадваюць, што ўвесь калектыў трымаў кулачкі за герояў гэтай гісторыі.

Вынік экспертызы пацвердзіў: жыхар Брэста сапраўды з’яўляецца біялагічным бацькам дзяўчыны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула